Вяртанне Ліліт. Юлія Шарова
але ж які загаловак!
7
Стужка навінаў niadola.by
Стратай 100 долараў і 5 млн беларускіх рублёў скончылася дарожная прыгода для жыхара абласнога цэнтра. Грамадзянін 1950 г. н. пагадзіўся падкінуць да горада нявызначаную жанчыну. Волас сівее, а галава шалее, як у народзе кажуць. Недаязджаючы да горада пенсіянер уступіў з незнаёмкай у палавую сувязь проста ў салоне аўтамабіля, паколькі жанчына была не супраць.
Затым, па словах дзядулі, пасажырка ўвяла яго ў несвядомы стан, з-за чаго ён не памятае дэталяў здарэння. Прыйшоўшы ў свядомасць, падмануты лавелас не знайшоў у сваім кашальку грошай і звярнуўся да праваахоўнікаў, паведамляе Гродзенская абласная міліцыя.
Па факце здарэння ўзбуджаная крымінальная справа. Праводзіцца праверка.
8
Радыкс: Плутон на куспідзе 3 дома
Артыкул пра Гаўла Беларускага, які надумаў круціць раман з прэзідэнцкімі выбарамі, меў ашаламляльны поспех: ужо а дзясятай раніцы на сайце «Нашай Нядолі» налічылі сто каментароў на прэмадэрацыі, у якіх аўтара пыталі, «што за траву ён курыць» і «якое адценне жоўтага яму найбліжэйшае».
Матэрыял знялі, аднак удзячныя чытачы паспелі адскрыніць бліскучы загаловак і пусціць яго ў сацыяльныя сеткі.
Галоўны рэдактар хацеў быў тэлефанаваць Юрасю і ўсцешыць яго штрафам за непрафесійны падыход, але перадумаў (а хай сабе людзі чытаюць, якая розніца!).
Матэрыял зноў выставілі. Усе каментары пра курэнне травы таксама пакінулі, ды яшчэ і пачалі на іх адказваць, падаграваючы дыскусію. Паказнікі наведвальнасці сайта паляцелі ўгору.
– Юрка, ты напісаў х…ню, але яе чытаюць! – радасна паведаміў начальнік. – Я цябе віншую!
«Але ж гэта х…ня», – падумаў Юрась.
«Уга, як я магу!» – падумаў ён у тое самае імгненне.
Пачуццё сораму за ўсе прыгоды мінулага дня адступіла перад пачуццём уласнай значнасці (ПУЗ). Два «ўга» з рознай нагоды – зашмат для Юрася, даволі простага хлопца без выключных талентаў. Ягоны ПУЗ вырас на вачах і прыемна акругліўся.
– Гэта я пасцябацца вырашыў, – з адценнем паблажлівасці прамовіў ён у адказ на словы рэдактара. – І што, добра чытаюць?
– Дзевяноста тры чалавекі адначасова! Я не кажу пра агульную колькасць праглядаў! – з яшчэ большай радасцю адказаў рэдактар. – Апошні раз у нас такое было, калі Галя Плавінская пісала, чаму трэба выдаваць на беларускай мове не Караткевіча, а раманы пра Анжаліку. Карацей, збірайся зараз жа ды ідзі да Хрысціяніна Наскага. Прэсуха ў яго. Праект закона аб барацьбе з варажбітамі і ведзьмакамі.
І Юрась пайшоў на тую прэсавую канферэнцыю і напісаў гэткі артыкул, што Хрысціянін Наскі (а ён таксама сабраўся ў прэзідэнты) моцна абураўся і зычыў рэдакцыі «Нашай Нядолі» гарэць у апраметнай.
Затое чыталі добра.
9
Радыкс: Сонца ў Рыбах у трыне з Сатурнам, Месяц у Рыбах без курсу, рэтраградная Венера ў