Вяртанне Ліліт. Юлія Шарова
спадарожныя і ехала далей ад Мінска, а пасля заходу сонца распачынала паляванне. Потым зноў лавіла спадарожныя і дабіралася дадому: насланнё працавала круглыя суткі, таму дамовіцца на падвоз было нескладана. Скрадзеныя грошы сталіся прыемным бонусам за начныя «камандзіроўкі». Але пасля такіх экспедыцыяў абвастраўся болевы сіндром, і Мілана вымушаная была піць моцныя лекі, каб шыю «адпусціла».
За содні перад задуманай авантурай Мілана пастанавіла даць сабе адпачынак. Яна прабавіла ноч у сваім ложку, а ўдзень пайшла гуляць па горадзе.
Няпраўда, што заможныя каханкі ловяцца ў кампаніях вядомых і знакамітых – Мілана натрапіла на такога ў «Кароне», куды зазірнула адвячоркам набыць прадуктаў і пашукаць у тутэйшых крамах адпаведную падзеі сукенку.
– Я Стась! – сказаў ён. – А калі я вас некуды запрашу?
І тут на яе накаціла да болю знаёмае адчуванне – перацяла подых, быццам паблізу распылілі атрутны газ. Адчуванне дыму і смуроду. Пацямненне ў вачах. Халодны пот на скронях. Мілана яго пазнала, а ён яе – не. Яна пакаціла свой вазок з прадуктамі да касы, дзе стаяла зусім невялікая чарга. Досыць хутка разлічылася і рушыла прэч з той «Кароны».
– Я вас усё адно знайду! – гукнуў Стась.
Яна прыспешыла хаду і змяшалася з натоўпам пакупнікоў, што выходзілі з гандлёвага цэнтра. Сукенку Мілана знайшла ў іншым месцы. Калі ж вярнулася дадому, то сказала Мурмуру:
– Я сёння сустрэла Мамона. І мне ад яго нікуды не падзецца, на жаль.
14
Сінастрыя: Сатурн мужчыны ў апазіцыі да Сонца жанчыны, квадрат Сонцаў, рэтра-Венера мужчыны ў сэкстылі да рэтра-Венеры жанчыны
Пакуль Мілана рыхтавалася да значнай для сябе ночы, Таня сядзела дома пры сваім старэнькім камп’ютары і душылася плачам. Дзяніс посціў у «Аднакласніках» фоткі з адпачынку, дзе ён быў у кампаніі нейкай двухметровай кабеціны гадоў пад сорак.
А раней казаў, што любіць маладых і крамяных, каб маленькія рукі і ступакі.
Тані было дваццаць пяць і яна насіла трыццаць шосты памер абутку. «А калі б трыццаць чацвёрты, было б наагул крута», – сказаў ёй аднойчы Дзяніс.
І вось ён жмякае арыйскага выгляду бландзінку з магутнымі плячыма і зусім не Папялушку.
За сценкай мама зарыпела старой тахтой. Таня куляй паляцела ў лазенку, каб толькі не распачаліся допыты наконт прычыны слёз. Мама ўмее выбіваць праўду, а Тані ні ў якім разе нельга прызнавацца, што Дзяніс ніколі не заходзіў далей за флірт і ў якасці зяця ў іхную хату не прыйдзе – гэта ўжо напэўна.
Такая раптоўная думка выглядала жудаснай, і Таня схаладзела ад таго, што ці не ўпершыню сказала праўду самой сабе. У лазенцы яна ўмылася і, крадучыся, выйшла на гаўбец. Мама ўключыла свой улюбёны серыял, а значыць на найбліжэйшыя хвілінаў дзесяць, да рэкламнай паўзы, зрабілася бясшкоднай. Дзяўчына схапілася за тэлефон і знайшла ў кантактах нумар Міланы. Ёй тэрмінова трэба паваражыць на Дзяніса і двухметровую кабеціну (карова каровай!), але Мілана недасяжная.
Таня дасылала смс, але Мілана не адказвала. Праз паўгадзіны тое самае. І праз гадзіну.
Папяровы