Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
і ён скамянеў, ператварыўся ў востраў. Навечна. А Персей і Андрамеда знайшлі сваё шчасце…
Узнёслы, светлы разбег гукаў. Стройныя антычныя калоны, бясконцы, заліты сонцам калідор… Моцарт – самы «сонечны» кампазітар. Сонечны… Зараз там, дзе я жыву, на Зямлі, на Беларусі ўзыдзе сонца…
Яно выкаціцца зза лесу, ахутанае ружовым туманам, падміргне і адорыць цяплом усё жывое. Раса адзавецца вясёлкавым граннем на мяккай траве, кветках, у густой лістоце кустоў і дрэваў. Нават колкія ялінкі і хвоі зайграюць расою. У птушак ад хвалявання перахопіць голас. А потым яны заспяваюць, ствараючы з музычных пераліваў, нецярплівага пошчыку, лёгкіх усхліпаў і светлага сакатання непаўторную музыку нашай з імі Бацькаўшчыны, музыку, якую людзі могуць пачуць і паўтарыць, прамаўляючы на мове сваіх бацькоў, на мове сваёй зямлі. Дзіўна, я чытала, што на Беларусі быў час, калі некаторыя не хацелі, саромеліся гаварыць пабеларуску… Вось зараз, каб мне выплысці з зорнай калыскі Вялікай Мядзведзіцы, каб не памыліцца, і трапіць на Беларусь, а не ў Германію, ці Францыю, я мушу заспяваць, зайграць на сваім белым раялі бабуліну, маміну калыханку…
Люлі, люлі, люлі,
Дзеткі ўсе паснулі…
2. Сад роспачы
Душаловы
Самотная прыпавесць постперабудовы
Не хадзі ты, дзядзька багаты, Дзе галота п’е!
Два племені, два народы ніхто не памятаў ужо, колькі стагоддзяў жылі непадалёк адзін ад аднаго. Адзін скрозь вякі мацаваў, гартаваў свой Дух, і яго назвалі Народам Моцнага Духу. Другі, надта й не дбаючы, ад прыроды быў надзелены Вялікаю Душой, і яго нараклі Народам Вялікае Душы.
Дух першага праз пэўную колькасць гадоў зрабіўся настолькі моцным, што яго час ад часу даводзілася выпускаць. І тое, што ўсе суседзі рабілі саромеючыся і пераважна ў прыбіральні, Людзі Моцнага Духу дазвалялі сабе рабіць пры ўсіх, дзеля чаго нават вынайшлі крэслы і зэдлікі з дзіркамі (мы купляем падобныя нашым малым хадзіць на гаршчок). Што ж датычыць Велічы Душы другога народа, то яна паступова (падкрэсліваю, сама па сабе) дасягнула гэткіх памераў, што народу пачало здавацца, ён не здолее ўтрымаць яе самастойна, і пачаў ён гарнуцца то да суседзяў з Душою Больш Разняволенай, то да суседзяў з Душою Больш Шырокаю…
І толькі лепшыя з лепшых Вялікадушныя падарожнічалі далей, цікавіліся, што ж робіцца ў іншых народаў, у тым ліку і ў Народа Моцнага Духам. А там ужо вынайшлі машыну для друкавання кніжак, і адзін Чалавек Вялікае Душы хутка засвоіў гэтае майстэрства. Не дзеля ўласнае славы і прыбытку, а адзінае дзеля прасвятлення, ачышчэння ды ўмацавання напраўду Вялікае Душы свайго народа, дзеля таго, каб спраўдзіўся наканаваны яму Богам зорны лёс.
Ды толькі пэўна Вялікая Душа даецца не дзеля вялікіх ведаў, а дзеля вялікага болю. Гэты боль скрозь усе гістарычныя ды асабістыя несправядлівасці, скрозь войны, хваробы, што жорсткімі хвалямі безвыходнасці