Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторов
маленькі, тлусценькі, якім і мае быць кухар, патлаты ды барадаты. Уся рэч у тым, што ён не ўмее гатаваць нічога, апрача сваіх вядзьмацкіх страваў, таму пакрыёма, пад сховам ночы, пільнуе ў сутарэннях Харона ды запрашае яго выпіць з ім бутэлечку на кухні. А на кухні ён напускае на Харона свае чары, ды той паслухмяна гатуе выдатную найсмачнейшую ежу, якой усёй кампаніі стае на тыдзень. Але Акварыусу не заўсёды шчасціць злавіць у сутарэннях Харона, і таму яму даводзіцца неяк выкручвацца перад грамадствам, у выніку чаго на стале з’яўляюцца то нагаворнае, то адгаворнае зелле, то яшчэ якія вядзьмацкія прыбабахі, таму з паспалітым людам здараюцца дзіўныя невытлумачальныя гісторыі. Напрыклад, Трыстану аднаго разу ледзь не пачало ванітаваць ад кожнае чалавечае выявы на сцяне, і таму ўсім давялося хаваць ад яе люстры. Але аднаго люстра ўсё ж не схавалі, таму давялося ратаваць Трыстану, якая збіралася тапіцца, папярэдне зрабіўшы спробу згаліць свае залатыя валасы. Трыстану выратаваў Харон: ён, змрочны ды вельмі незадаволены парушаным спакоем, выцягнуў яе з вады сваім даўжэзным багром. Яшчэ аднаго разу насельнікі Замка, паснедаўшы, адчулі надзвычайную лёгкасць ды раптоўна ўзляцелі да замкавае столі. Так яны там і віселі, заклікаючы Акварыуса да літасці, але той толькі пасміхаўся. Скарыстаўшы са свае раптоўнае недатыкальнасці, Акварыус выцягнуў з замкавых патаемных пакояў свае барабаны ды пачаў у сваю асалоду па іх лупіць, называючы гэтыя гукі «маёй цудоўнай музыкай»! Тады лётаючыя людзі паабяцалі Акварыусу лятальны канец; з вялікімі намаганнямі разабралі частку даху ды закідалі Акварыуса камянямі. Той, пакрыўджаны, уцёк ды схаваўся на кухні, у сваю чаргу паабяцаўшы народу зладзіць у шматлікіх кухонных духоўках ды печках маленькі хатні канцлагер.
Сярод насельнікаў Замка вылучаецца лялечніца Фата-Мантана. Яна маленькая, ссохлая, з кучаравымі чорнымі валасамі, якія выкручвае ў фантастычныя ўчасанні. Штодня яна сядзіць у сваіх замкнёных пакоях ды вырабляе лялек, якіх потым ажыўляе ды дае з імі тэатральныя паказы ў загадзя падрыхтаваных дэкарацыях. Прыкладна раз на тыдзень яна пераносіць гэтыя тэатральныя дзеі ў тронны пакой, дзе вечарамі збіраюцца ўсе жыхары Замка, апрача Харона. Пасля такіх публічных праглядаў лялькі, якіх Фата-Мантана не паспявае забраць, разбягаюцца па ўсім Замку ды пачынаюць жыць прыватным лялечным жыццём і міжсобку ладзяць уласныя тэатральныя паказы. Лялькі ўвогуле ўвесь час уцякаюць ад Фата-Мантаны, больш за тое: яны адстойваюць свае правы на самастойнасць ды заўжды спрачаюцца з Фата-Мантанай. А яна сама нагэтулькі прызвычаілася да сваіх лялек, што ўрэшце пачала лічыць іх такімі самымі рэальнымі, якімі ёсць усе іншыя людзі. Некаторыя лялькі ўцякаюць ад яе, некаторыя яе шкадуюць, любяць, засцілаюць ёй ложак, прыбіраюць пакой ды рамантуюць абутак.
А аднаго разу Фата-Мантана навырабляла лялек ростам з чалавека, больш за тое: гэтыя пятнаццаць лялек былі дакладнымі копіямі ўсіх замкавых жыхароў. Яны ўцяклі ад сваёй гаспадыні амаль адразу, не прычакаўшы