Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторов
месцы старой хаткі Макаркавай Гапкі асталася глыбокая яма. Без раслінаў і жыцця, як у пустыні. Сярод шэрай патрэсканай гліны валяецца дзіравы чобат. Ля паваленага, гнілога плота бачу прыладу з часоў сярэднявечча – драўляны гарпун. У заваленай студні плавае мёртвы пацук.
– Каго так шукаем, га? – як з-пад зямлі на забытым панадворку з’яўляецца аброслы асобень. Страшнавата, калі падыходзіць бліжэй.
– Я таго… – чамусьці займае мне мову, – я-я фатаграфую… Мой фотааб’ектыў накіроўваецца ў бок сухога дуба, на які пачэпленыя стужкі, ручнікі і ўсякія чарадзейныя латкі.
– Гэта прыватная тэрыторыя! – асцерагае мяне незнаёмы, а я адчуваю, як нейкая сіла вырывае фотаапарат у мяне з рук.
Генік Макаркаў, той аброслы асобень, першы заводзіць гутарку. Кажа, што любіць дзяўчат, якія яшчэ ўмеюць гаварыць па-свойму.
– Прабач мне, што такі непабрыты, – кажа пра свой нясвежы выгляд. Пасля пакажа сваю гаспадарку: гэта мой кот, гэта мой ровар, гэта мая крапіва. Сярод буйной крапівы, якая разраслася на панадворку, выглядае яшчэ матацыкл «Ява», сапсаваны дваццаць гадоў таму.
– Няма для каго мне старацца, – быццам на апраўданне кажа стары кавалер. Сапраўды, ахвота выбівацца ў людзі даўно пакінула майго субяседніка. Больш цягне яго ў бок лесу. Праз чарапіцу ягонай мураванкі прабіваецца бяроза, якая вырасла ў запушчаным пакоі. Хлявы і стадолу Генік парубаў на дровы і спаліў у печцы ў часе калядных маразоў.
– Сястра ў Беласток забраць мяне хацела, – успамінае, – намаўляла каб палячам[1] уладкаваўся, каб новае жыццё завёў. А не як той дзікун па руінах туляўся.
Але Геніку напляваць на тыя гарадскія падвалы:
– У мяне хоць чыстае паветра ёсць!
Пра ежу не клапоціцца. Два разы ў тыдзень давозяць яму пашу з сацыяльнай дапамогі.
Неахайнасць, абыякавасць да сябе самога ў Геніка падазроная, на кіламетр чуваць ягоную моц і ўмеласць зачараваць ад галавы да ног. Гэта маскіроўка. Хоць сам Генік Макаркаў клянецца і божыцца, што не ведае чараў, усе ў Н. кажуць адно – менавіта ён «нешта ведае»! У бары «Амазонка» называюць яго Кашпіроўскім.
– А як дакранецца да галавы, то пронд па спіне ідзе, – кажа барменка Алька. І раіць, каб не страціць розуму ў яго прысутнасці. – Бо то такі балдун, што… о-го-го!
Генік – унук Гапкі Макаркавай.
– Калі ў каровы малако прападзе, або калі конь знаровіцца, то да яго з цэлага свету едуць па раду, – кажа баба Сонька. Пад лозунгам «з цэлага свету» мае на думцы сваю парафію, у якой пяць вёсак.
– А ёсць у Н. хоць адзін конь? – пытаю.
– Нэма, нэма! – чую ў адказ.
Калі размова пра жывёлу, у аздараўленні якой спецыялізуецца Генік Макаркаў, дык у Н. зусім няма для яго выклікаў. У хатках, дзе дажываюць самотныя ўдовы, асталіся адныя каты, пахрышчаныя імёнамі герояў тэлесерыялаў. Час ад часу трапіцца авечка або курка з пеўнем. Лясная звярына, якая шакіруе і наводзіць зайздрасць у суседніх вёсках, чамусьці шырокім кругам абмінае іх вёску.
Праўда,
1
Паляч (польск. palacz) – качагар.