У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
былі самыя прыгожыя флёксы ў гародчыку. А ў гародзе было ўсяго патроху – бульбы, гуркоў, маліны, трускалак. Гарод сыходзіў да дрэў, што выструніліся, як жывы плот. За дрэвамі – яркая, прыгожая лугавіна. За домам Жыжылеўскіх быў размешчаны дзіцячы дом, былы пансіён назарэтанак, адабраны ў іх падчас вайны немцамі. Праз шмат гадоў Дана прачытала ў адной кніжцы, выдадзенай у Ватыкане, што Хмары далі прытулак назарэтанцы сястры Імельдзе, калі немцы сталі гаспадарыць у доме сясцёр Хрыстовых.
А ў доме Жыжылеўскіх, на пару юнацтва Даны, жыла сястра Малгажата, калі адчынілі касцёл, месціўся першы святар, які распачаў афіцыйныя набажэнствы ў касцёле.
За дзіцячым домам жыла Хайтайба. Яна продала гародніну: моркву, капусту, буракі, памідоры, гуркі, цыбулю. І сама Хайтайба нагадвала нейкі дзіўны гароднінны гібрыд – ці то капусты з буракамі, ці то морквы з памідорамі. Разбухлая, з абсівераным рыхлым тварам, у нейкіх трантах: немагчыма было разабраць, дзе спадніца, дзе камізэля, дзе хустка.
Палонскія, што жылі насупраць Азарэвічаў, пабудаваліся тут, прыехаўшы з вёскі, і ён адразу пачаў рабіць на мясакамбінаце. Жонка была праваслаўная, ён – каталік, святы ў іх звычайна падвойваліся, але, дзякаваць Богу, хапала і на працяглыя Каляды, і на велікодную двухтыднёўку, і на будзённы дзень. Гэта іх пляменніку надавала вялікай увагі Ніна, а заадно і ягоным сваякам.
І мала цікавасці мела да суседзяў побач з іх домам – прырода любіць захоўваць раўнавагу.
А побач з домам Азарэвічаў на месцы згарэлага котлішча ўсталяваўся чалавек сур’ёзны, акуратны, якога чамусьці ўсе звалі не па імені, не па прозвішчы, нават не па мянушцы, а выключна па роду заняткаў: цырульнік. У яго ўсё было дагледжанае і акуратнае, як бы стрыжанае і прычасанае. Хата з зашклёным ганкам, садочак, гарод. І ён сам, і яго жонка. І дачка іх, якую малой ніхто неяк і не бачыў і не чуў, нібыта яна адразу стала падрослай, падгадаванай.
З другога боку Азарэвічаў жыла ўладальніца Дзюма і іншых прыцягальных тамоў – Варвара Мікалаеўна са сваёй даўняй пакаёўкай, а цяпер з жанчынай, што вяла ўсю гаспадарку і мелася трымацца заведзенага некалі стылю адносін. Палову будынка ў Варвары Мікалаеўны рэквізавалі, і там жылі нейкія нетутэйшыя людзі. Заўважная была адна жанчына. Летам у нядзелю яна расчыняла вокны і дзверы і брала на змор усіх суседзяў, ставячы адну і тую ж пласцінку. «Валенки, валенки, да не подшиты, стареньки», – салодкім, густым рэчытатывам выводзіла Русланава. Сама ўладальніца пласцінкі часам выходзіла на ганак – да вялікага здзіўлення і гневу Варвары Мікалаеўны, у блішчастым цвяцістым капоце, які ўсё расшпільваўся у самым нечаканым месцы, і – да яшчэ большага канфузу гаспадыні дома – пачынала лузгаць семкі пад любімым бэзам Варвары Мікалаеўны. Ну, але тая жанчына вольная бывала толькі зрэдзьчасу, і зазвычай тут было ціха і спакойна, і ніхто не спакушаўся на этычныя і эстэтычныя асновы тутэйшых.
Затое Варвара Мікалаеўна ставілася з павагай да насельнікаў хаты, дзе жылі настаўнікі. Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Надзея Адамаўна