Часам панкі паміраюць. Сяргей Календа
з аўтобусам нумар 313? Мы, нашая кампанія падлеткаў, якія амаль ад нараджэння былі фанатамі менскага «Дынама», пілі «Крыжачок» і гулялі ў панкаўскія гульні кшталту «рамонка» альбо замыкаліся ў пакоі, выключалі сьвятло і харкаліся ў розныя бакі, потым уключалі сьвятло й лічылі пляўкі на сваім адзеньні й скуры, і той, хто быў больш запляваны, выйграваў. У нас не было кампутараў, мы не цікавіліся тэлевізарам, мы мала чыталі, але ў нас была нашая музыка, правілы вуліцы, уласныя законы анархіі й гісторыі.
Шмат гісторыяў, кожны з нас імкнуўся стаць майстрам аратарскай справы. Печань, так звалі аднаго з нашых, ён пераўзышоў у гісторыях усіх, распавёўшы, як п’яны гопнік піў піва й нават не заўважыў, што яму ў паўлітровую плястыкоўку па прыколе нахаркалі сопляў сябры, так ён амаль да канца й дапіў бы, але ж на апошнім глытку соплі зацягнула ў горла, і ён пачаў ванітаваць.
3
У першы дзень пасьля школьнага выпускнога я зьнік. Самым сапраўдным чынам зьнік.
Сышоў. І сышоў не абы-куды, падрыхтаваўся. Грошай, якія я назьбіраў, мусіла хапіць на доўгатэрміновае падарожжа, альбо каб дваццаць месяцаў аплачваць здымную кватэру.
Я чакаў гэтага дня. Я мог і раней зьбегчы, але мне не дазвалялі мае прынцыпы. Я быў упэўнены, што спачатку я мушу атрымаць мінімальную адукацыю, а ўжо потым уладкоўваць сваё жыцьцё.
Пачынаючы з шасьці гадоў я пракручваў у галаве плян зьнікненьня, марыў аб тым, як гэта будзе выглядаць для маці. Як яна будзе праз гэта пакутаваць, як пачне вінаваціць сябе, што кепска мяне гадавала, што не даглядала і не любіла як трэба, што я сышоў, і, можа, недзе ў падвале невядомага менскага дому ўжо нюхаю клей, ці мяне ўжо пасьпелі згвалціць і забіць.
Я ўсё разьлічыў, каб зьнікнуць: дзяцінства навучыла мяне жыць паводле ўласных правілаў і давяраць толькі сабе. Тое, што мяне забралі ў сталіцу і з шостай клясы я вучыўся і жыў прыстойней, ніж раней, ніякім чынам не адбілася на маім адчуваньні ўдзячнасьці або падсьвядомым. Мне хапіла моцы і розуму скончыць школу, сабраць заплечнік, грошы і дакумэнты, і мэтанакіравана выправіцца на чыгуначны вакзал.
Мой бліскуча пабудаваны плян зьнікненьня быў распрацаваны акурат да моманту, як я зьяўлюся на вакзале. Далей мне трэба было наважыцца на падарожжа. Я наўмысна не плянаваў месца свайго далейшага жыцьця: рамантычнасьць выпадковасьці цешыла мяне ня менш за думку пра помсту маці зьнікненьнем.
1
У кожнага пісьменьніка мусіць быць бар, свая кавярня, сваё гарадзкое месца, дзе ён будзе ствараць кнігі, разважаць і ператварацца ў мясцовы помнік, пэрсону, да якой можна дакрануцца, зь якой можна выпіць і проста пагутарыць пра надвор’е, і абавязкова, што зусім не ў традыцыях Менску, пасьля сьмерці пісьменьніка ягоны любімы бар павесіць шыльду і зробіць стол, за якім той любіў сядзець, месцам пакланеньня.
Але, яшчэ да сьмерці аўтара, гарадзкія ўлады пасьпеюць некалькі разоў зруйнаваць бар і дом з барам, і нават суседні дом-гістарычную-каштоўнасьць зьнесьці, так што ніякай памяці, акрамя гэтага тэксту, пра месца