Хлопчыкi i дзяўчынкi. Яўген Аснарэўскі
ваша Павоня.
– Пагоня! – паправіў я.
– Вольны! – сказаў палкоўнік і махнуў рукой.
Я выйшаў з кабінета. А праз два дні жоўты надпіс: «Дыктатура» зноўку віднеўся на сцяне ўправы. Ён здаваўся нават крыху большым, чым папярэднія. Я быў у жаху, прадчуваючы, што зараз зробіць са мною начальнік. Але мяне ніхто не выклікаў. Усё было ціха. А яшчэ праз некалькі дзён да непераможнага жоўтага слова, якое чамусьці не сталі зафарбоўваць, дадаўся больш дробны і каравы надпіс, зроблены чырвонай фарбай. Гэта было адно слова: «пралетарыяту».
– Дыктатура пралетарыяту! – прачытаў услых Коля, стоячы побач са мною ля распісанай сценкі.
– А чаму не зафарбоўваюць? – спытаў я.
– А навошта? – адказаў пытаннем на пытанне Коля. – Гэта адну дыктатуру нельга, а дыктатуру пралетарыяту – можна. Адно слова падобна да адной чаркi – дробязь, а можа ўсё памяняць, – дадаў ён і паднёс да рота цыгарэту.
– Слухай, Коля, што гэта ўсё значыць? Ты ж кiруешь камерамі. Ты ж разумееш, што такога не можа быць, каб надпіс з'явіўся, а таго, хто гэта пісаў на відэа не было.
Коля трохі памаўчаў, а потым паглядзеў мне прама ў вочы і сказаў:
– Ну так, я сапраўды загадчык камер, так што калі я сам з гэтымі запісамі паваражу, то і канцоў няма. Быў чалавек на відэа і сплыў.
Коля зарагатаў, гледзячы на мой здзіўлены выраз твару.
– Але… навошта табе гэта? – спытаў я разгубленым тонам.
– Ну дык гэта ж я і пісаў на сцяне, – адказаў Коля.
– Ты? – шэптам прагаварыў я, гледзячы на яго шырока расплюшчанымі вачыма.
– Я! Табе вось, прызнаюся. Таму што ты, можна сказаць, мой герой.
– Але навошта ты гэта рабіў?
– Ты нешта гаворыш на роднай мове, а я на ёй пішу, – адказаў Коля і глыбока зацягнуўся цыгарэтай. – Я дык наогул з дзяцінства люблю пахуліганіць. І Купалу таксама вельмі люблю. І Багдановіча люблю, больш за ўсiх, дарэчы. І цябе таксама люблю. Нас тут такіх уся ўправа, акрамя начальства. І мы ўсе цябе любім. А кпім, каб на нас не падумалі… ну што цябе падтрымліваем не падумалі. Можа быць і не трэба было мне прызнавацца. Але ты ж мяне не выдасі, праўда?
Я стаяў моўчкі, асэнсоўваючы інфармацыю.
– А навошта ты дапісаў «пралетарыяту»? – праз хвіліну спытаў я.
– Дык гэта не я, – адказаў Коля. – Гэта Аляксандр Браніслававіч. Сам пацiху накалякаў ноччу. Выкруціўся-такі, хітрун, – дадаў Коля і засмяяўся.
Наталка
2006 г.
Я не вяла дзённічак з маіх пятнаццаці гадоў. А цяпер мне (страшна пісаць нават) ужо дваццаць пяць. Хаця… Не варта тут хлусіць хаця б самой сабе. Мне нават крышачку больш, чым… дваццаць пяць… Добра… хопіць пра ўзрост. Што ж мне яшчэ такое тут напісаць? Мабыць, пачну з пачатку. Я хачу трэніраваць гэтую іх мову. Ну беларускую. Размаўляць у мяне атрымліваецца зусім дрэнна, але пісаць магу крышачку лепей… Таму гэты дзённік будзе строга на беларускай. Гэта я сабе абяцаю. Шчырае слова! О! Здаецца, прыйшоў Антошык. Працягну потым.
***
Зрабіла