Вараціш-гара. Маргарыта Латышкевіч
вядома, не магло.
І ўсё–ткі прагал ў памяці не даваў спакою. Аднойчы адчуўшы перарванасць успамінаў, Ільга ўвесь час вярталася і вярталася да гэтай бездані, як дзеці, у якіх нядаўна выпаў зуб, увесь час спрабуюць нязвыклую пустку языком. І таму, як толькі аповед скончыўся і маленькія слухачы пачалі разбягацца, яна падышла да гусляра, згорбленага і высахлага, і спытала, быццам бы той мог нешта ведаць:
– А гэта ж усё… праўда?
Стары падняў на яе твар са сляпымі вачыма, зацягнутымі бельмамі, пажаваў вуснамі. Змрочны падлетак у залатаным двухколерным камзоле, мабыць, памочнік сляпога музыкі ці яго вучань, змерыў Ільгу позіркам і непаразумела прыўзняў бровы: мабыць, пазнаў і здзівіўся, чаму яна пытаецца пра саму сябе.
– Пакуль у гісторыі вераць, дзяўчынка, – сіпла адказаў стары, перадаючы гуслі памочніку, – яны і ёсць праўда.
– А што… – Ільга змяшалася і ледзь прымусіла сябе працягваць, настолькі дзіка гэта прагучала нават у галаве: – Што, калі ёсць… дакладней, мусіць быць яшчэ адна праўда? Проста пра яе не атрымліваецца ўспомніць?
Гусляр прысвіснуў, прыўзняў кусцістыя бровы і пачасаў у патыліцы, ажно скасавурыўся востры капялюш на ружовай лысіне. Пасля стары шумна ўцягнуў у сябе паветра і ахінуў сябе ахоўным знакам.
– Я, дзяўчынка, проста бедны музыка, – мовіў гусляр паўшэптам. – Тое, пра што ты кажаш… праўда, якая мусіць быць, але якую забылі… Гэта не для чалавечага розуму. Не нам з табой пра такое задумвацца.
– Але… – пачала была разгубленая Ільга, але змрочны падлетак, падскочыўшы, рашуча перапыніў яе:
– Чула, што майстра сказаў? Адчапіся, няма чаго тут!
Ільга сціснула кулакі. А падлетак дапамог свайму майстру падняцца на ногі, і абодва сышлі – настолькі таропка, наколькі маглі. Гусляр абапіраўся свайму памочніку на локаць і штосьці горача нашэптваў, а падлетак увесь час аглядаўся на Ільгу – з падазрэннем і незадаволенасцю, быццам яна сказала нешта не проста дурное, але і неймаверна небяспечнае.
Тым часам над каляровымі шатрамі ўзвіліся паветраныя змеі – пярэстыя, даўгахвостыя, абвешаныя стужкамі. Дзіўна было вось так стаяць побач на застаўленым лавамі між шатрамі пятачку – плешы ў густым і шумным натоўпе. Стаяць, закінуўшы галаву, і глядзець на тых, хвастатых, што падскоквалі, ныралі і танчылі на хвалях ветру. Ільга загледзелася, на імгненне забыўшыся пра ўсё на свеце, і адчула, што вось–вось павінен перакінуцца праз бездань ва ўспамінах трывалы і надзейны мост, і стане ўсё так, як трэба, так, як павінна.
Адзін з вояў–ахоўнікаў асцярожна крануў яе за рукаў.
– Васпані, – сказаў няголасна, паважліва. – Мусім вяртацца.
І ўяўны мост, які, здаецца, працягнуўся праз памяць, абрынуўся ў прадонне. Ільга незадаволена зморшчыла нос, але, зірнуўшы на нізкае сонца, пакорліва паківала. Сапраўды, трэба было вяртацца, прапіхвацца праз вясёлы шумны натоўп, які з кожнай хвілінай толькі большаў. Ільгу даўно чакала карэта з княжым гербам і пара