Вараціш-гара. Маргарыта Латышкевіч
патрэсваў густымі цёмнымі кудзерамі.
Да князя ўсё гэта дайшло пазней, дакладней, князь захацеў звярнуць на гэта сваю ўвагу адно месяцы праз тры, калі не звярнуць увагі было нельга, бо пра Алізараву непрыхаваную прыхільнасць пачалі гаварыць усе: і ў замку, і ў Вугерцы, і нават у ваколіцы. Князь паклікаў да сябе Ільгу, каб пагаварыць асабіста. І, калі яна прыйшла так, як была – то бок, як практыкавалася з дружынай у двары, – здаецца, нават трохі здзівіўся, быццам чакаў пабачыць нешта зусім іншае. Княжае здзіўленне, аднак, было добрага кшталту: ён засмяяўся і досыць мякка і прыязна пачаў распытваць пра Ільзіна мінулае, пра Лыцавічы, пра цмока і цмокаву смерць на Калінавым мосце. І вось што дзіўна: тады аніякага прагалу ў памяці Ільга дакладна не адчувала, распавядаючы пра ўсё роўна і спакойна, з непарушнай упэўненасцю, што ўсё было менавіта так, як яно помніцца і як расказваюць людзі вакол. Князь, пагутарыўшы, раптам працягнуў вялікую далонь і нечакана пагладзіў Ільгу па галаве.
– Што ж, – сказаў. – Быў у мяне адно сын, а зараз будзе і дачка. Смелая, моцная, шчырая. Чаго яшчэ шукаць?
Тады здзівілася ўжо Ільга: яна ўвогуле не зусім разумела ад пачатку, дзеля чаго ўся гэтая размова, і ўнутрана падрыхтавалася, што князь проста загадае ёй з’ехаць з Вугеркі, бо яна, Ільга, тут зусім чужая і непатрэбная, лішні рот. Але тон ягонага голасу быў такі прыязны, такі дабрадушны, што Ільга адразу ж супакоілася і з палёгкаю ўсміхнулася, прапусціўшы апошняе міма вушэй, не задумаўшыся, што князевы словы маглі б азначаць.
А азначалі яны рэч досыць дзіўную, калі задумацца, і намячалі будучыню, пра якую Ільга аніяк не задумвалася. І калі на першай жа княжай бяседзе князь з кубкам віна абвясціў пра сынавы заручыны, Ільга здзівілася не менш за ўсіх астатніх, апроч, можа, Алізара. Той, бледны, уражаны, агаломшаны нават, глядзеў то на бацьку, то на яе, і квола ўсміхаўся дрыготкімі вуснамі. і часта міргаў, і ўсё намагаўся нешта сказаць. Ільга сядзела нерухома, халаднела, разумеючы, што адбылося нешта не тое, нешта, чаго яна не хацела і не чакала. Але, мабыць, упершыню за ўсё жыццё смеласць ёй здрадзіла. Ільга паглядзела на шчаслівы прасветлены твар княжыча, на ўрачыстага і паважнага князя, які піў за здароўе будучай нявесткі, і не знайшла ў сабе сілы, каб падняцца і запярэчыць, каб разбурыць прывід новай будучыні. Ногі, быццам назнарок, саслаблі, у горле перасохла, вусны ацяжэлі, і ўсё, што яна магла рабіць – гэта сядзець і глядзець.
Выратаванне было ў тым, што і Алізар, і Ільга былі яшчэ надта маладыя: Ільзе было няпоўных шаснаццаць, а княжыч аказаўся на паўгады маладзейшы. Таму з вяселлем вырашылі пачакаць, а заадно і сабраць Ільзе пасаг. Жанчыны–чалядніцы ткалі, і пралі, і вышывалі, і шылі, падбіраючы тканіны колерам Ільзе пад твар. Апраналі яе ў дарагія сукні, туга зацягваючы шнуроўку, так што цяжка было ўздыхнуць, спавівалі валасы залатымі ніткамі, закручвалі косы, ажно торгала скуру на галаве. Ільга намагалася не думаць пра наступствы ўсіх гэтых старанных падрыхтовак, упарта збягала, вылузвалася