Помнік літары «Ў». Вінцэсь Мудроў
назад у кішэнь. Што якое, а ўжо словам ён валодае, тут падказак не трэба. І раён ведае як ніхто іншы. За час працы ў газеце сто разоў яго аб’ехаў – і ўдоўжкі, і ўпоперак. Божухна, і пра што толькі не даводзілася пісаць… і пра міфічныя ўдоі, і пра «лінейкі гатоўнасці», і пра звышпланавы вываз арганікі на палеткі. А цяпер вось і сельгасаддзел у газеце скарацілі, і яго, паэта, ветэрана раённай журналістыкі, з працы выгналі.
Звёўшы да пераносся кусцістыя бровы, Васіль уголас вылаяўся на адрас рэдактара «раёнкі» і, закінуўшы рукі за патыліцу, стаў глядзець на светлыя шчыліны, што праціналі дах адрыны.
Мінулага аўторка Васіль, як заўсёды, сядзеў у піўной летамцы на Савецкай, і раптам перад вачыма паўстаў Сцёпка Гайцюкоў – стары прыяцель, з якім колісь вучыліся ў сельгасакадэміі і які пару гадоў таму з’ехаў з горада і жыў недзе на аграсядзібе. Сцёпка, азірнуўшыся, паказаў на мігах, што трэба пагаманіць, і яны нетаропкай хадою прайшліся ўздоўж вуліцы. Гайцюкоў стоеным голасам паведаміў, што ў яго на сядзібе мае атабарыцца амерыканка, якая зусім не ведае расейскай мовы – толькі беларускую ды ангельскую, – і прапанаваў Васілю папрацаваць тыдзень у якасці перакладчыка. Прапанова была зманлівай, але і насцярожвала. Амерыканцаў ён зроду не бачыў, а халера іх ведае – што яны могуць учыніць. А раптам паспрабуюць завербаваць? Ці ж мала было выпадкаў? Магчыма, Васіль і адмовіўся б ад такой прапановы, ды тут секануў шпаркі дождж, яны ўбіліся ў Сцяпанаў легкавік і давялося, на знак згоды, ляпнуць далонню па хціва падстаўленай пяцярні. Ну і не схібіў, бо тут, на аграсядзібе, былы журналіст пачуваў сябе як у бога за печчу. Сыты, памыты – у лазні дзве гадзіны парыўся, – і ў новай вышыванай кашулі. Сцяпан адмыслова ездзіў па яе ў горад – пазычыў у нейкага фальклорнага калектыву. Трэба было заморскіх гасцей у нацыянальных строях сустрэць.
Амерыканка, місіс Маер, Васілю адразу спадабалася. Кабеце было даўно за семдзесят, а яна мела танклявую дзявочую паставу і не па ўзросце пышную фрызуру з уплеценым у скронь белым гарлачыкам. І звалі яе адмыслова: Каліста. Васіль, набраўшыся смеласці, пацікавіўся – адкуль такое дзіўнае імя? Аказалася, што бацька кабеты ў маладосці захапляўся навуковай фантастыкай, таму й назваў дачок у гонар спадарожнікаў Юпітэра: Каліста і Амальтэя.
Адно кепска – мучыла амерыканку задышка. Крыху пройдзе, спыніцца, на што-небудзь абапрэцца і зморана дыхае. І дыханне ў яе прыемнае – мятна-шакаладнае. Іншая рэч – унучка. Тая не па гадах тлустая. Як бяжыць, дык трыбух трасецца. Няйначай, ад кока-колы ды хот-догаў так расперла. І па-беларуску зусім нічога не цяміць. А вось бабуля, хаця і з нейкім дзіўным акцэнтам, а размаўляе на добрай літаратурнай мове. І асабліва любіць паэзію. Васіль тых вершаў ведае да халеры і раз-пораз іх чытае. І, што дзіўна, калі свой верш прачытае, місіс Маер толькі лагодна пасміхнецца. А прачытае якога класіка – адразу ганарар атрымлівае: дзесяць даляраў адной паперкай. Сёння раніцай, яшчэ да сняданку, прачытаў знакаміты верш «Трэба дома бываць часцей», дык госця расчулена носам