Libido. Ільля Сін
Не развітваючыся, паволі рушыць далей куды вочы глядзяць. Бабулька ў яе за спінай працягвае сваю прамову.
Выходзіць на праспект, шырокі, просты і надзіва чысты. Іншых мінакоў амаль няма. За дзесяць хвілін яна сустрэла хіба некалькі чалавек.
У такім выглядзе горад зноў падаецца ёй месцам, падрыхтаваным да нейкай маштабнай дзеі – літаральна наконадні яе пачатку. Пакуль усё прыціхла, нібы перад навальніцай, але зараз прагучыць умоўны сігнал – і орды ўдзельнікаў, якія даўно ўжо напагатове ў сваіх схованках, сінхронна ўступяць, выконваючы загадзя вывучаныя ролі.
Аднак час ідзе і сцішанае чаканне не выбухае падзея мі.
13.29. На цэнтральнай плошчы, як выявілася, зноў нейкі мітынг. Пахне чамусьці дымам.
Групка людзей знаходзіцца на ладнай адлегласці, што дазваляе Марыі адчуць сябе старонняй назіральніцай. Побач з ёю зусім нікога.
Марыя ўглядаецца ў суплёты правадоў панад плошчай. Чорныя лініі выразна прамалёўваюцца на тле бруднашэрага неба. Правады скіраваныя ў розныя бакі, і, гледзячы знізу, падаецца, нібы яны паміж сабою перакрыжоўваюцца. Марыя думае пра тое, што кожны з іх мае сваё прызначэнне і, без сумневу, кудысьці вядзе. Падобныя трывалыя повязі падаюцца ёй проста неверагоднымі.
Амаль ужо прамінуўшы плошчу, Марыя прыпыняецца, каб паназіраць за тым, як камяні і кавалкі асфальту ляцяць у шыбы мэрыі. Звон бітага шкла перакрываюць лозунгі, падхопленыя сотнямі галасоў – вісклявых, сіпатых, бадзёрых.
13.44. У якім квартале ад плошчы ўсё, як звычайна, ціха. Марыя падыходзіць да цэнтральнага ўнівермага. Бетонныя скульптуры ўсталяваныя і каля яго, яны выглядаюць значна менш аптымістычна за манекены ў вітрынах.
Да новага году яшчэ шмат часу, але ў горадзе ўжо пачалі прадаваць елачныя цацкі і румяных дзядоў марозаў. Камусьці вельмі хочацца святаў, а Марыі ад гэтага цяперашні год здаецца яшчэ больш старым. Невымоўна састарэлым.
Марыя ўглядаецца ў шрубы, якімі прыкручаныя завесы дзвярэй. У другім зверху плешка вытыркаецца на добры міліметр, у трэцім яна пагнутая. Менавіта такія амаль не заўважныя воку дэталі найлепей дапамагаюць ёй усвядоміць чалавечую прысутнасць у гэтым свеце. Вось тут рука рабочага неспадзеўкі задрыжэла, а вось тут ён ціха і нязлосна вылаяўся, сутыкнуўшыся з нечаканым супрацівам матэрыялу. Здаецца, нават можна адчуць пах, які сыходзіў у той момант з яго рота – бо акурат надоечы ён паабедаў шчодра прыпраўленым часныком баршчом.
14.04. Раптоўны павеў ветру здзірае з дрэваў апошняе лісце. Разам з тым ён агаляе і даўно прыцярушаныя друзам успаміны. “Вітрику, тихше, вітрику, цить”, – спявае пра сябе Марыя. Нічога не спыняецца. Але яна ўжо гатовая да гэтага прыступу болю. І сапраўды, неўзабаве ён сціхае.
Марыя ведае прыблізны час новай атакі: недзе пасля сёмай вечара. Да гэтага часу трэба вярнуцца дахаты, не забыўшыся па дарозе набыць той ці іншы кшталт лекаў.
Але яшчэ засталося пару гадзін. Можна працягнуць шпацыр.
14.17. Марыя спыняецца ля вітрыны і з лёгкім недаўменнем глядзіць на паўпразрыстую прывідную