Тэатр шчасьлівых дзяцей. Ольгерд Бахаревич

Тэатр шчасьлівых дзяцей - Ольгерд Бахаревич


Скачать книгу
адказаў голас. – Думаеш, калі б у вас дома былі дарослыя, яны б дазволілі вам стаяць каля дзьвярэй і размаўляць з суседзямі? Гэта зусім не дзіцячая справа».

      «А чаму б вам не пазваніць у суседнюю кватэру? – спытаў я. – Там вам адчыняць і пазычаць сьвечку. А нас пакіньце ў спакоі, калі ласка. Я зараз у міліцыю пазваню».

      «А ты няветлівы хлопец, – цяпер ужо злавесна сказаў голас. – У міліцыю… Ну пазвані, пазвані. Калі пасьпееш!»

      І тут ручка дзьвярэй нібы ашалела, яна заторгалася, нібы жывая, яна рвалася і ляскала, яна вішчала і білася ў замку, быццам хацела скінуць яго зь сябе, як шкарлупіньне.

      Мы кінуліся ў мой пакой і забіліся за канапу.

      «Званю ў міліцыю! – прашаптаў я. – Пакуль ня позна!»

      Я намацаў на канапе тэлефон і пачаў набіраць лічбы, але з жахам пабачыў, што апарат ужо зусім разрадзіўся.

      «Можна адаслаць бацькам паведамленьне па інтэрнэце! – прашаптала Юля. – Ой, што гэта? Чуеце?»

      Мы вызірнулі з-пад канапы. Недзе паблізу і праўда чуўся дзіўны грукат. У кватэры адбывалася штосьці незразумелае.

      «У вас моцныя дзьверы? – спытаў Анцік. – Скажы, што яны жалезныя!»

      «Жалезныя, – сказаў я. – Сталёвыя! Тата з мамай аддалі за іх пяцьсот баксаў».

      «А мой тата кажа, што гэта глупства, ставіць жалезныя дзьверы, калі ў цябе няма чаго красьці».

      «Як жа, няма, – сказала Юля. – А мы? Што гэта за гук?»

      «Глядзіце!» – ускрыкнуў Анцік і паказаў на акно.

      З таго боку шыбы раптам зьявілася лесьвіца. Дзьве палкі, якія, трасучыся, шукалі апору. Так, гэта была драўляная лесьвіца, якая ўперлася канцом проста ў гзымс, і хоць выглядала яна тут проста неверагодна, факт заставаўся фактам. Нехта прыставіў лесьвіцу да сьцяны нашага дома і рыхтаваўся забрацца да нас у акно!

      Мы ўскочылі і кінуліся ў спальню маіх бацькоў. А там, не згаворваючыся, залезьлі ў першую ж шафу і зачынілі за сабой дзьверы. І як толькі мы гэта зрабілі, усім стала ясна, што гэта не найлепшае рашэньне. Але што рабіць, ніхто з нас ня ведаў. Пакуль мы размаўлялі з голасам, ноўтбук на стале нарэшце згас – і цяпер у спальні была непраглядная цемра.

      «Вось бы Божанька, калі ён існуе, уключыў зараз сьвятло ў доме. Хаця б для таго, каб паглядзець, як мы маемся, – падумаў я. – Хаця б для таго, каб нас пакараць. Проста ўключы электрычнасьць – і ўсё скончыцца. Ты ж Бог, табе ж не патрэбная падзарадка!»

      «Лявон, ты што там, молішся?» – прашаптала Юля, прыціснутая да мяне маміным футрам.

      «Не, ты што», – сказаў я, а сам пачырванеў так, што, здавалася, гэта было відаць нават у змроку.

      «А гучыць так, быццам молішся», – прашаптала Юля, узіраючыся ў шчылінку між дзьверак. Але што яна магла там пабачыць…

      У шафе пахла вельмі прыемна. Тут вісела ня толькі маміна футра, тут былі яшчэ і паліто, і татавы пінжакі, і нават ягоны вясельны касьцюм – я пазнаў яго па шурпатай тканіне. Тут віселі маміны зімовыя сукенкі, якія яна ўжо зусім хутка зьбіралася даставаць, бо восень рабілася ўсё халаднейшая. Уся гэтая вопратка нагадала мне пра тое, што ў мяне ёсьць


Скачать книгу