Трыкутнiк караля. Яўген Аснарэўскі
адходаў, з кубачкам таннай, растваральнай кавы, размешанай чымсьці накшталт цвіка – вось яна цудоўная рэальнасць будаўніка, пра якую Мечыслаў ведаў не па чутках. У такія моманты чалавек бывае адкрыты і фiласафiчны да крайнасці, нават калі ўсё яшчэ цвярозы.
– Я гісторык, пагляджу трохі, што тут у зямлі можа быць.
– Так-так, калі ласка, – ветліва адказаў нейкі тып, якi, мяркуючы па больш ахайнай фізіяноміі, і апранутай белай касцы, з'яўляўся брыгадзірам.
– Нам зямлі не шкада, – уставіў «Вітаўт», выклікаўшы ў рабочых крывыя ўсмешкі.
Мечыслаў апусціўся на кукішкі і пачаў разглядаць кучы зямлі перад сваiм тварам. Адзін з рабочых, што ўвесь час капалі, вылез з траншэі, падышоў да брыгадзіра і папрасіў запаліць. Тыя рабочыя, што засталіся адпачываць, вярнуліся да абмеркавання нейкага фільма, нядаўна паказанага па тэлевізары. Адзін з іх уважліва паглядзеў на значок з гербам Пагоня, на грудзях гісторыка.
Мечыслаў тым часам капаўся ў зямлі. Цікавасць да раскопак у самым цэнтры горада заўсёды была максімальнай. Адсюль, з гэтых пагоркаў, жыхары Гродна глядзелі на навакольны свет… Стагоддзямі на гэтым месцы жылі людзі. Што тычыцца прасторы за эркерам Новага замка, то тут маладога чалавека прыцягвала магчымасць убачыць у раскопках падмуркі саксонскай капліцы васемнаццатага стагоддзя, якая служыла для малітвы каралю і была разбурана ў дваццатым стагоддзі. Траншэі рабочых былі пракапаныя як раз у тым месцы, дзе павінны былі хавацца гэтыя падмуркі…
Выбух рогату прымусіў Мечыка падняць галаву. Двое рабочых задумалі дуэль на рыдлёўках, астатнія сэкундавалi ім. Адзін з будаўнікоў адыходзіў у бок маладога гісторыка і, наблізіўшыся да яго ў шчыльную, адскочыў убок у момант удару лапатай, які зрабіў яго праціўнік – пажылы чалавек з чорнымі вачыма і сівымі, смешна зачасанымі валасамi. Рыдлёўка прасвістала ў паветры і трапіла зусім не туды, куды жадаў той, хто трымаў яе. Мечык заплюшчыў вочы.
– Гэтыя рабочыя проста як цыркачы. У жыцці не бачыў такіх вясёлых капальнікаў, – сказаў сам сабе Мечыслаў. І тут жа апусціў галаву, таму што яго рука ў будаўнічай пальчатцы, якая мацала кучку зямлі, адчула нейкі выцягнуты прадмет.
Змахнуўшы зямлю, якая патрапіла на яго наручны гадзіннік (ён паказваў тры гадзіны дня) гісторык глянуў на тое, што было ў яго руцэ. Угледзеўшыся, ён спачатку не паверыў вачам. Гэта была невялікая металічная капсула з выявай нейкіх завіткоў, не вельмі добра бачных на цёмнай паверхні. Над гэтымі завіткамі змяшчалася карона. Трохі ачуняўшы ад здзіўлення, ён падумаў, што ўжо бачыў гэты малюнак.
– Дык гэта ж… – гісторык здзіўлена падняў бровы.
На капсуле была адлюстравана манаграма караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, дакладна такая ж, як на сцяне яго гродзенскага палаца. Тры лацінскіх літары «S A R», якія азначаюць фразу на лацінскай мове: «Stanislaus Augustus Rex».
«Станіслаў Аўгуст Кароль» – падумаў Мечык.
Але самым дзіўным Мечыславу здалося тое, што капсула, падобна, была