Дыялогі з Богам (зборнік). Валянцін Акудовіч
далей.
Так, нас было шмат і мы былі разумныя, а ён быў адзін і дурны, як варона, але ўпотайкі кожны з нас здагадваўся, што ўсе мы разам – толькі рэха ягонага суму.
– Трэба пайсці да яго і запытацца, што яму ад нас патрэбна, – аднойчы сказаў нехта.
І мы пайшлі і запыталіся, а ён адказаў:
– Каб у пару забуяла бульба.
– Хіба ад нас залежыць, у які час радзіць бульбе?
– Тады навошта вы?
– Каб нас было шмат.
– Дзён таксама шмат, але што з таго?
– З дзён і людзей складаецца жыццё. Хіба ты гэтага не ведаў?
– Я ведаю адно: зранку трэба ісці на поле, а вечарам дахаты, дзе ў ліпах гудзе сум.
І мы не знайшліся, як тут яшчэ запярэчыць чалавеку, у якога ёсць свой сум і непазбыўны клопат, каб у пару забуяла бульба.
Першае каханне
Мы і перажагнуцца не паспелі, а Богусь ужо сядзеў на чырвоным даху касцёла. Аднак гэтага яму падалося мала, і ён усцягнуўся на самы крыж.
Першы анёл, які вяртаўся (мяркуючы па стомленых рухах) аднекуль здалёк, толькі прабуркатаў незадаволена: «Што, іншага месца не знайшлося?», а другі, яшчэ зусім маладзенькі, аж аслупянеў, убачыўшы Богуся. Анёлак стаяў слупам у паветры і лыпаў вачыма.
– Гэй, ты, лупавокі, – закамандаваў Богусь, – злётай у вёску па Маню.
Маня хутка прыбегла і, нічога не пытаючыся, засакатала, як сячкарня:
– Дурны ты, Богусь! Каб меней піў гарэлкі, а болей чытаў кніжак, дык ведаў бы, што першае каханне існуе не дзеля таго, каб закаханыя бралі шлюб, а каб потым усё жыццё з замілаваннем успамінаць тыя шчаслівыя хвіліны…
– Хай сабе, – толькі й адказаў Богусь.
– Ну, калі ты гэткі дурны, дык і сядзі сабе тут, як варона, – раззлавалася Маня і пашыбавала дахаты, адкуль хутка з’ехала вучыцца ў горад. Але замуж яна так ніколі і не выйшла, бо ў яе, як потым выявілася, былі надта валасатыя ногі, а на той час якраз прыспела мода на голыя лыткі. Калі тая мода скончылася, Маня была ўжо старой дзеўкай, і ёй больш нічога не заставалася, як усё жыццё з замілаваннем успамінаць сваё першае каханне. А Богусь дасюль не злез з даху. Тырчыць там ці як укрыжаваны, ці як варона, і мы ўсе (і анёлы, і людзі) даўно ўжо з гэтым звыкліся. Бо калі тое было – мода на голыя лыткі.
Джамалунгма
А цяпер я распавяду пра чалавека, які марыў стаць Джамалунгмай. «Вось каб я быў Джамалунгмай, – разважаў гэты чалавек, – дык пра мяне чулі б нават пінгвіны на Алясцы».
Вядома, калі чалавек чаго захоча і будзе хацець доўга, то ягонае жаданне некалі спраўдзіцца. Аб гэтым кажуць яшчэ ў школе, а ў школе абы-чаго плявузгаць не будуць…
Урэшце так яно і атрымалася. Аднойчы раніцай адразу за мястэчкам мы ўбачылі нешта такое, ад чаго капелюшы паляцелі з галоў.
Як потым засведчылі вучоныя, наша гара была нават на некалькі сантыметраў вышэйшая за Джамалунгму, і пра Джамалунгму хутка ўсе забыліся, бо яна ўжо не лічылася паперадзе ўсіх.
З тае пары самыя дужыя мужчыны свету (і нават сёй-той з пінгвінаў) едуць да нас, каб адсюль ускараскацца на нябёсы. Мала каму з іх шанцуе дапнуцца