Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік). Віктар Казько

Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) - Віктар Казько


Скачать книгу
ні Бог нічым ужо не здольны былі дапамагчы ім. Улады зямныя, праўда, хацелі дапамагчы, завесці справу і пачаць шукаць злачынцаў. Але для гэтага, сказалі яны, неабходна анатаміраванне, гэта значыць, разрэзаць Канстанціна Васільевіча, нібы злачынца сядзеў недзе ўсярэдзіне яго. Ганна Паўлаўна паказала ім з-за труны Канстанціна Васільевіча кукіш.

      У той жа вечар, на тых жа могілках знайшлі яшчэ дзве раскапаныя магілкі. Але не да канца, не зусім, як магіла Канстанціна Васільевіча. I ляжалі ў тых магілках таксама пцічане. Дзве бабулі, якіх і прозвішчы ўжо пцічанцы пачалі забываць. Зусім нікчэмныя старыя. Яны і пры жыцці нікому не патрэбныя былі. Але вось жа спатрэбіліся некаму пасля смерці. Каму? Навошта? Хто ведае? Хто адкажа?

      Вось на тое, што тае ж начы на цэнтральнай сядзібе калгаса ўзламалі склад і ўкралі поліэтыленавую плёнку для парнікоў і металічную сетку, адказ быў. Сетка і плёнка – рэчы ў гаспадарцы найнеабходныя, архіпатрэбныя і архідэфіцытныя. Усе ж навокал будуюцца, садзяць агароды, заводзяць парнікі. Думаюць жыць доўга.

      Мо ведае што-небудзь пра свайго Канстанціна Васільевіча і пра тое, што з ім адбылося, Ганна Паўлаўна. Канстанцін Васільевіч мог шапнуць ёй адной па сакрэце нешта на вуха. На могілках яна ўпала на яго, накрыла сваім целам, бы хацела сагрэць. Пачала растапляць вуснамі лёд са снегам, што прыпаў да яго лба. I што дзіўна, не выпусціла з вачэй ні адзінай слязінкі, не выдала ні гуку, ні стогну. Усё па-звярынаму, моўчкі. Маўчыць, не кажа нікому ні слова і сёння, не азываецца нават да дзяцей і ўнукаў.

      А спаць той ноччу, пасля вяртання з могілак, яна легла, паклаўшы пад падушку сякеру. Перад гэтым занесла ў сенцы, здабыўшы ў хляве асаджаную яшчэ Канстанцінам Васільевічам, калі яны яшчэ трымалі карову, касу. З сякерай пад падушкай, няспынна мацаючы яе то шчакой, то патыліцай, з вышчарбленай, іржавай касой, што стаіць у сенцах, так і спіць яна з той пары ў сваёй хатцы на курыных ножках. Адна, як ваўчыца ў логаве. Навошта? Чаму? Хто адкажа?

      Дзікае паляванне каралёў сталіншчыны

      З усіх нашых заняткаў, з усіх рамёстваў гісторыя чалавецтва, пэўна, не ўславіла так ні адно, як уславіла паляванне. Па сутнасці – забойства. Па форме – вялікая і магутная дзея, што амалоджвае і прыводзіць у рух нашы пачуцці. Чалавек узброены, чалавек з ружжом – дужы і малады. Гэта наш продак. Ён яшчэ толькі адтуль, з дрэва ці пячоры. Свежая кроў, рухомае мяса казычуць яму ноздры. Гоняць сліну і сутаргава зводзяць страўнік. Дагані, злаві, забі, даўбешкай яго, каменнем, сякерай, стралою і куляй. I ты будзеш сыты і здаровы. Ты будзеш жыць. Тое ж самае і ў адносінах да падобнага табе. Толькі вытанчана ўжо, абгрунтавана і не так па-людаедску шчыра. Гома сапіенс – чалавек разумны, розум яго не ведае межаў. Ён дасягнуў вялікіх поспехаў у старой як свет навуцы палявання і забойства з-за вугла, чужымі рукамі, не запэцкаўшы сваіх, бяскроўна, бязбольна. Так, як толькі можа хапіць фантазіі і штукарства. Але галоўнае ў гэтай вялікай дзеі, што кіруе і напраўляе яе, застаецца нязменным. Не, зусім не вынік. Устойлівасць і амаладжэнне пачуццяў, асалода


Скачать книгу