Братэрства. Алесь Карлюкевiч
самым новым месцы ў нас не было жылля. Пётр Яўсеевіч Лобач быў на дзіва добрым чалавекам. Ласкі асаблівай і сюсюкання мы з братам ад яго не бачылі і не чулі, але сыходзіла ад дзядулі нейкая асаблівая, прыцягальная дабрыня. Я проста маліўся на дзеда. На ўсё жыццё ён застаўся для мяне незаменным узорам чалавека сумленнага… У традыцыях Беларусі была павага да ветэранаў. І памятаю, што да дзеда ставіліся як да чалавека заслужанага. І торф прывозілі, і дах неяк дапамаглі адрамантаваць, і з сенам для каровы падтрымалі… Бо дзед быў інвалід, прайшоў усю вайну.
Да Вялікай Айчыннай вайны дзед Пеця займаў нейкую пасаду ў сельсавеце. Быў камуністам. Калі пачалася вайна, ніхто і падумаць не мог, што так хутка прыйдзе акупацыя. Каманду на эвакуацыю дзед Пеця атрымаў на трэці ці чацвёрты дзень вайны. Трэба было яму эвакуіраваць калгасны статак кароў. Сваім, зразумела, ходам. Між тым, карова – не чалавек, доўга яна хутка ісці не можа. Ёй патрэбен нармальны адпачынак. Прыблізна на трэці дзень эвакуацыі стала зразумела, што далёка адысці не ўдасца. Было прынята рашэнне статак знішчыць. Па законах мірнага часу, вядома ж, дурное і зусім няправільнае рашэнне. Але ж тады была вайна. І, відавочна, кіраваліся логікай: “Каб каровы, іх мяса не дасталіся ворагу!..”
Цяпер ужо, з вышыні часу, калі ўспамінаю пра “дзядулеў” калгасны статак 1941 г., перад вачыма ўсплываюць карціны з Афганістана, Чачні… Мне столькі разоў даводзілася бачыць, як памірае паранены скот, альбо бачыць разварочаных усімі часткамі свайго цела авечак, кароў, коз… Колькі наглядзеўся на гэтых выпадковых ахвяр вайны! Яны траплялі на міны, аказваліся мішэнямі артылерыйскіх абстрэлаў, а здаралася гінулі таму, што салдаты, якія маяліся ад няма чаго рабіць, абіралі іх мішэнямі!.. Іншы раз у некаторых кароў ці авечак была выразана пячонка ці яшчэ лепшы кавалак, астатняе ж было кінута на спажыву сабакам ці крумкачам…
Пасля няўдалай эвакуацыі мой дзед аказаўся ў партызанскім атрадзе. Позняй восенню захварэў на запаленне лёгкіх. Вывезлі на самалёце на Вялікую Зямлю. Падлячыўся. І ўжо аказаўся ў траншэях абаронцаў Масквы, там, дзе ішлі самыя цяжкія баі. Цікавы знак праз дзесяцігоддзі мне падрыхтавала гісторыя. У 1980–1985 гг. я служыў у Кізыл-Арваце (Туркменія) у 58-й Рослаўльскай мотастралковай дывізіі. Дык вось, адзін з палкоў гэтага злучэння ў час бітвы пад Масквою аказаўся ў акружэнні і амаль цалкам загінуў. Праз лінію фронта прарвалася ўсяго некалькі чалавек. Мой дзед суправаджаў у штаб палка аднаго з акружэнцаў з гэтай часці…
Пасля быў ізноў шпіталь. Дзеда хацелі камісаваць. Аднак ён ізноў дамогся, каб адправілі на фронт. У 1943 г. пад Ленінградам патрапіў пад абстрэл нямецкага мінамёта. І тады атрымаў цяжкія знявечванні. Выжыў, ды толькі да канца дзён не працавала ў яго адна рука, застаўся з таго бою з пакалечанай, на адно вуха страціў слых. Вярнуўся дадому пасля вызвалення Беларусі. І, нягледзячы на стан здароўя, амаль да канца жыцця працаваў…
Бабуля Лена была проста выдатнай апавядальніцай.