Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
сёння дзень, можна было падумаць, што гэта не травень, а кастрычнік ці нават лістапад. На стале з цёмнага дрэва, магутным, як пастамент для статуі Юпітэра, і шчодра пакрытым бліскучым лакам, стаялі два парцалянавыя кубкі, такія пяшчотна-блакітна-ружовыя, з танесенькімі пазалочанымі ручкамі, што страшна было браць у рукі, здавалася, заверашчаць ад жаху, што іх раздушаць грубыя пралетарскія пальцы.
Хведар асцярожна паставіў свой кубак на гэткі ж далікатны сподачак, нібыта ён быў да краёў поўны, хаця насамрэч Хведар ужо выхлебтаў усю гарбату, нязвыкла салодкую. Цукру ў гэтым кабінеце не шкадавалі. Напэўна, не скупіліся і на іншае… Свецкую ідылію псавалі ледзь прыкметныя, але ўсё-ткі бачныя паралельныя драпіны на лакавай паверхні стала: нібыта нехта ў смяротным адчаі хапаўся пазногцямі за гладкую паверхню, яго цягнулі назад, а ён зноў вырываўся і ламаў пазногці аб цёмнае дрэва… П’янкоў нібыта наяве пачуў крыкі…
Вось дурныя фантазіі… Гэта ж не турма, не следчы кабінет ДПУ – наркамат замежных спраў. Пазногцямі добры мэблевы лак не падрапаеш. Хведар дакладна гэта ведаў – у дзяцінстве давялося дапамагаць бацьку-цесляру. П’янкоў страсянуў галавой і, каб адагнаць морак, аддана ўтаропіўся ў мудрыя вочы намаляванага Леніна – вялізны партрэт у цяжкой багетнай раме вісеў як мае быць, на сцяне за спінай гаспадара кабінета… Добра, што таварыш Калантай не валодае здольнасцямі чытаць думкі. Хаця для важнай справы, якой яны абодва займаюцца, гэтая якасць вельмі прыдалася б.
Таварыш Леанід Пятровіч Калантай, акуратны да лялечнасці мужчына гадоў трыццаці, апрануты ў дыхтоўны гарнітурчык з дыяганалі, з прылізанай валасок да валаска доўгай грыўкай, што акуратным трохкутнікам закрывала палову гладкага лба, нарэшце адарваў вочы ад аркуша, спісанага дробным почыркам.
– Што, і праўда Ластоўскі носіць на мезенцы пярсцёнак? Хведар паціснуў плячыма.
– Сам не бачыў. Але, думаю, Вяжэвіч не стаў бы прыдумляць.
– Магчыма… А вось інфармацыя пра тое, які вялікі ўплыў мае на студэнтаў Лёсік, нас даўно трывожыць. Гэта выразны нацыянал-буржуазны ўплыў. І шавініст Корб-Варановіч нам у нейтралізацыі гэтага ўплыву дапаможа.
– Як? – здзівіўся П’янкоў. – Я ж думаў, дацэнт – наш вораг!
– Вядома, вораг, – ласкава пацвердзіў гаспадар кабінета. – І вельмі зацяты. У маладой савецкай дзяржавы шмат ворагаў – з усіх бакоў. Разумееш? З розных бакоў! Усе гэтыя закаханыя ў Лёсіка, Ластоўскага і Ігнатоўскага нападаюць на Корб-Варановіча? Але яны ж не таму на яго нападаюць, што за Савецкую ўладу ўсёй душою, а таму, што ён не згодны з іхняй пальшчызнай. Яны тым выяўляюць сваю гнілую сутнасць. З другога боку, змагаючыся з нацдэмамі, Корб-Варановіч ды іншыя вялікадзяржаўнікі таксама сваю гнілую сутнасць выяўляюць… Вось няхай яны адзін аднаго і выкрыюць. Вось што, Хведар…
Таварыш Калантай устаў з крэсла, прайшоўся па кабінеце, важна заклаўшы за спіну рукі, – выглядала б гэта і зусім салідна, калі б не малы рост, не ратавалі нават высокія абцасы бліскучых ботаў, пашытых на замову.
– У