Мінакі. Аляксей Талстоў
Канечне, больш за ўсё гэта нагадвала гульню, але часам Хо выдатна гэта бачыла і добраахвотна згаджалася з расстаноўкай сілаў на шахматнай дошцы. Спрашчаць насамрэч было куды прасьцей. Ды аніякай адказнасьці, аніякіх прэтэнзіяў да сябе, акрамя тых, зь якімі зусім няцяжка змагацца, нават карысна для падтрыманьня жыцьцёвага тонусу ды лёгкага напружаньня. У рэшце рэшт, усе любяць, каб было цікавей. Як мага больш цікавей!! Слушныя думкі – гэта галоўнае. Вельмі важна своечасова падкінуць іх у гэтую грубку. Падумала пра тое, што нявызначанасьць паступова зьнікае, зусім як тая гарбата. І розум зноўку ў форме, гатовы для нармальнай працы і новых подзьвігаў…
…НАРОДА!
Ну вось і добра. Так куды лепей. Было б з-за чаго напружвацца. Фіранка ізноўку вярнулася на сваё месца, ды пальцы пацягнуліся, каб у чарговы раз паставіць трэк спачатку. Вось так.
А можна яшчэ паднапружыцца трошку, каб ня так ужо безгустоўна было. Напружыцца ды зламіць нагу. Галоўнае, каб усё прыгожа атрымалася, каб пасьля фоткі ўдалыя і ўсё такое. Лепей у двух месцах. Ды па краёх перчыкам чорненькім пасыпаць. Але ня есьці! Ні ў якім разе! Гэта ўсё ж такі мастацтва. Жыцьцё як адзін вялізны мастацкі твор, шкада толькі, наскрозь сьмяротны.
Усё ж файна. Так? Як ты? Нармальна?.. Ну й добра. Для хваляваньняў няма ніводнай прычыны. Хо часам падабалася крыху падзагнацца, ды пазмагацца з загонамі. Нічога ж дрэннага ў гэтым няма. Натуральна, што яна не ўзіралася ў гэтыя свае звычкі, сама была толькі чалавекам, аб’ектам, створаным уласнымі ж рукамі. Такое вось незаўважнае для сябе, ціхае ды крыху дзіцячае падваеньне асобы. Але гэтак у кожнага. Што тут такога незвычайнага? Што кепскага? Усе глядзяць на сябе ў люстэрка ды знаходзяць там некага яшчэ. Можна ж сабе дазволіць яшчэ нешта прыемнае, акрамя самой сябе? Натуральна, заўжды ёсьць штосьці звонку, тое, што неяк адрозьніваецца ад таго, што ўнутры. Але навошта Хо разважаць над усім гэтым? Канечне, у адказ можна было толькі хмыкнуць ды “оойооойоооойо”… ці штосьці такога кшталту. А на скрайні выпадак – паказаць язык і ўсьміхнуцца свайму адлюстраваньню. Усе прыстасаваньні дзейнічаюць безадказна. Усе мэтодыкі распрацаваныя і пастаўленыя на службу чалавеку.
Сонца. Зашмат сонца для восені. Але на самой справе так толькі падаецца. Жоўтыя дрэвы не падмануць, і можна намаляваць колькі заўгодна выяваў, але заўжды зразумела, чым усё гэта скончыцца. Паступовае паніжэньне тэмпэратуры, няроўная сьцежка, што вядзе наўпрост у абветраны сьнежань. Толькі зь цягам часу яна вытоптваецца і ператвараецца ў паўнавартасную шашу, на якой няма за што воку зачапіцца. Усё роўна і аднолькава. Ды ўсё менш падазрэньняў на гэты конт. Быццам бы ўсё так і мае быць. Час выраўняе ўсё ды ўсіх. І кожны, хто пра гэта думае, рана ці позна забываецца, перастае на гэта зважаць, і неўзабаве ўсё прыходзіць да нормы. Няма чаго казаць, быццам бы для верасьня ў горадзе зашмат сьвятла, няма чаго разводзіць рукамі ды штучна ствараць падзеі. Васілёк ведаў гэта і таму больш назіраў. Ён, як і ўсе, любіў запаўняць сэнсамі на першы погляд зусім бессэнсоўныя