Мастак. Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (зборнік). Тарас Шаўчэнка
агіда да цароў раз-пораз паварочваецца суровым здзіўленнем ці нават гневам на тых, хто іх церпіць і хто ім моліцца, – на людзей, на род чалавечы.
І калі Шаўчэнка кажа пра тое, якую кару наклікаюць на сябе людзі сваім неразуменнем, то горшае, чым панаванне цара, уявіць не можа:
І праведна Гасподзь вялікі…
. . . . . .
Замест рахманага прарока…
Цара вам загадаў наслаць!
Пры ўсёй сваёй сялянскай незласлівасці Шаўчэнка нязменна, без шкадавання і з горкай радасцю «скубе і кудлачыць» у сваіх вершах «святапамазаныя шавялюры».
Воля, воля і праўда – гэта тое, што з найбольшай святасцю зноў і зноў гучыць у паэзіі і з’яўляецца апошняй мэтай няспыннай чалавечай барацьбы.
Са становішча свайго заняволенага народа, прыведзенай да заняпаду Украіны Шаўчэнка звяртаўся да славянскай ідэі, у славянстве шукаў супольніка па лёсу і працы адраджэння, узмацнення ў веры і надзеі. Боль няволі ўкраінскай спарадзіў у Шаўчэнкі перажыванні і за іншыя заняволеныя славянскія народы, а думка аб вызваленні, адраджэнні Украіны – думку аб сумеснай барацьбе і братанні ўсіх славян. Адсюль і падобнае, і адрознае з выразнікамі «славянскай узаемнасці», з панславістамі і славянафіламі.
Падобнае – ва ўвязванні лёсу свайго народа з лёсам іншых славян, адрознае – у характары гэтага ўвязвання і ў самім ідэале славянскага сужыцця.
У XІX стагоддзі многія даследчыкі гаварылі пра славянафільства Шаўчэнкі. Так, І. Франко пісаў, што і праз паўстагоддзя «свядомыя ўкраінцы не перастаюць быць славянафіламі ў духу Калара і Шаўчэнкі».[11] То-бок адным і тым жа тэрмінам – «славянафільства» – у розных выпадках называюцца зусім розныя рэчы. У апошнім выпадку – ідэя раўнапраўнага сужыцця ўсіх славянскіх народаў у вольным саюзе.
Украінскі рамантызм, ад якога неаддзельны ранні Шаўчэнка, быў спецыфічнай складовай часткай славянскага адраджэння (якое адбывалася ў кантэксце еўрапейскіх нацыянальных рухаў – так званай «эпохі нацый» – пасля Вялікай французскай рэвалюцыі і напалеонаўскіх войнаў). Скажам, чэшскія і славацкія даследчыкі выразна падкрэсліваюць сувязь паміж імі, а некаторыя «Энеіду» Катлярэўскага адной з найбольш ранніх з’яў усяго славянскага адраджэння наогул. Асабліва шмат значыла тут дзейнасць П.-Й. Шафарыка, які глыбока сімпатызаваў Украіне і сваімі поглядамі ўплываў на стаўленне да яе ва ўсім славянскім, і не толькі славянскім, свеце. Наогул ён ці не найболей зрабіў для таго, каб славяне ўсвядомілі разнастайнасць сваёй сям’і і пазнавалі саміх сябе. Не выпадковая ж і тая сардэчная ўдзячнасць, што выказаў яму Шаўчэнка. На думку І. Франко, быў Шаўчэнка знаёмы і са славутай у сваім часе працай Я. Калара «Аб літаратурнай узаемнасці паміж рознымі плямёнамі і гаворкамі славянскай нацыі» (1836) – яе пераклад на рускую мову быў надрукаваны ў 1838 годзе ў «Московских ведомостях», а ў 1840 – у «Отечественных записках» (у перакладзе І. Сразнеўскага).
«З гэтага другога перакладу, – кажа І. Франко, – ведаў, відаць, гэтую працу і Шаўчэнка,
11
Франко І. Зібрання творів: у 50 т. – К., 1981. – Т. 29. – С. 50.