Мастак. Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (зборнік). Тарас Шаўчэнка
сацыяльных супярэчнасцяў), – паколькі ўтрымлівала антыпрыгонніцкую накіраванасць (у прыватнасці, упартую барацьбу царызму супраць казацтва і ліквідацыю Запарожскай Сечы слушна тлумачана страхам перад духам волі народнай і тым, што Сеч і казацтва сталі апошняй апорай сіл, якія супрацьстаялі запрыгоньванню). У «Кнізе быцця ўкраінскага народа» з вялікай сілай і пафасам гучыць ідэя нацыянальнай і палітычнай суверэннасці Украіны. А будучая славянская федэрацыя мыслілася як братэрскае сужыццё народаў «непадзельна і нязмешвальна», гэта значыць без раз’яднання, але і без зліцця, без страты незалежнасці: у саюзе славянскім рэчаў паспалітых (рэспублік), без гаспадара і без халопа.
Гэтая праграма была адной з самых радыкальных у тагачаснай Еўропе і не мела сабе роўных у славянскім свеце.
Многа выказвалася здагадак аб тым, пад чыім уплывам зарадзіліся ў Шаўчэнкі думкі пра славянства: кірыла-мефодзіеўцаў; дзекабрыстаў; Міцкевіча, Ганкі, Калара, Шафарыка; рускіх славянафілаў ды т. п. Аднак у цэлым справа, мабыць, прасцей. Хіба ў вялікага паэта ідэі нараджаюцца толькі з прачытанага або пачутага, пад уплывам чужых думак? Яны нараджаюцца з жыцця, з болю, з лёсу народнага, што прамаўляе яго геніем. З духоўнага патэнцыялу гэтага генія, элементам якога (патэнцыялу) – але не вырашальным, толькі дапаможным! – могуць быць і тыя «ўплывы». А потым і з усёй інтэлектуальнай атмасферы, у якой ён жыве, – і тут зноў непазбежныя «ўплывы», але, зноў жа, яны не крыніца ідэй вялікага паэта, яны хіба ствараюць рэльеф рэчышча, па якім гэтыя думкі цякуць. Або інакш: нараджае сам геній, а літаратурны ўплыў можа адыграць ролю «бабкі-павітухі» пры гэтым.
Ва ўсякім выпадку, калі гаворка ідзе пра падобныя або роднасныя паэтычныя ідэі, варта не толькі шукаць, хто на каго ўплываў, але і прымаць іх як суверэнныя зместам і, параўноўваючы гэтыя суверэнныя зместы, спрабаваць высветліць аб’ектыўныя жыццёвыя і суб’ектыўныя ідэалагічна-духоўныя прычыны падабенства і адрознення. Пры гэтым вельмі часта аказваецца, што падобнае ці блізкае звонку (тэматычна, фразеалагічна, паняццямі, што ўжываюцца) аказваецца аддаленым, ці нават процілеглым унутрана, свайму сапраўднаму зместу.
Менавіта так было з некаторымі матывамі, што вонкава быццам бы збліжалі Шаўчэнку (асабліва ранняга) са славянафіламі. Гэта – паэтызацыя мінулага, пошукі ў мінулым урока і папроку сучаснасці, вечных каштоўнасцяў; нацыянальны боль, пратэст супраць нацыянальнага прыніжэння і захавання нацыянальнага гонару; адмаўленне чужой мудрасці, бічаванне «куртатага немца» і інш.; тлумачэння прычын славянскага разладу; заклік да аб’яднання славян і іншыя… Шаўчэнка высока цаніў барацьбу за свабоду, смеласць і самаахвяраванне, веліч нораваў і лёсаў, якія нараджаліся ў абароне роднай зямлі, непакорлівасць і непрымірымасць – усё тое, чаго, на яго думку, не хапала сучаснікам. Гэта таксама быў урок мінулага сучаснасці, але з гэтага ўрока здабываліся зусім іншыя каштоўнасці… У Шаўчэнкі значна цверазейшы