Мастак. Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (зборнік). Тарас Шаўчэнка
у якіх большменш прыкметны элемент кніжнасці, тэарэтычнай сканструяванасці, палітычнай наўмыснасці і перабольшанасці (і – часта – панскасці, панскай прыхамаці). Гэтая народнасць славянскага пачуцця і народны погляд на рэчы адгадваюцца і тады, калі Шаўчэнка кажа пра цяжкія старонкі мінулага:
Вось такое было бедства
Па ўсёй Украіне!
Горай пекла… А завошта,
За што людзі гінуць?
Таго ж бацькі, тыя ж дзеці —
Жыць бы ды братацца.
Не, не ўмелі, не хацелі,
Трэба раз’яднацца!
Дабра брата! Крыві брата!
Падзяліся, браце! —
У цябе ўсяго багата
І весела ў хаце…
. . . .
Баліць сэрца, як успомніш… —
(дарэчы, пазней, у «Прогулке с удовольствием и не без морали» Шаўчэнка назаве крывавыя падзеі мінулага «недостойными памяти человека»).
Угадваюцца яны і тады, калі марыць ён пра магчымае будучае ў згодзе і братэрстве: «А ўсё-ткі скажаш: «Дзякуй Богу, што прайшло», – асабліва калі ўспомніш, што мы адной маці дзеці, усе мы славяне. Сэрца баліць, а распавядаць трэба: няхай бачаць сыны і ўнукі, што бацькі іхнія памыляліся, хай братаюцца зноў са сваімі ворагамі. Няхай жытам-пшаніцай, як золатам, пакрытай, не размежаванай застанецца навекі ад мора і да мора – славянская зямля».
У Шаўчэнкі не раз сустрэнем папулярны і ў славянафілаў, і ў тагачаснай паэзіі наогул вобраз славянскіх рэк, якія зліваюцца ў адным моры, – але не ў рускім моры, а моры славянскім! І гэты вобраз гучыць па-іншаму: у ім дух свабоды і роўнасці, у ім няма пагрозы страты сябе:
І пацяклі ў адно мора
Славянскія рэкі!
Слава табе, любамудры
Чэшскі славяніне!
Што не даў ты захлынуцца
Ў нямецкім дрыгвінні
Нашай праўдзе. Тваім морам
Славянскім, шматмоўным,
Паплывём мы, збыўшы гора,
Сеўшы ў новым чоўне
З шырокімі ветразямі
І з добрым правілам,
Паплывём па вольным моры,
Паляцім на крылах.
Слава табе, Шафарыча,
Навекі-навекі!
Што з’яднаў ты ў адно мора
Славянскія рэкі!
Для Шаўчэнкі зліццё славянскіх рэк у славянскім моры – гэта паэтычны вобраз іх раўнапраўнага аб’яднання на глебе ўсведамлення этнічнай і культурнай, духоўнай супольнасці. Гэта сумеснае духоўнае развіццё ў будучыні пад знакам такога ўсведамлення.
Але цікава, што з часам у паэзіі Шаўчэнкі тэма славянскага яднання гучыць менш прыкметна, а пасля вяртання са ссылкі амаль не прасочваецца, хоць сама праблема славян цікавіла яго да апошніх гадоў жыцця, пра што сведчаць, у прыватнасці, і дзённікавыя запісы.
Адным з эпізодаў канчатковага разрыву Шаўчэнкі са славянафіламі была яго адмова друкавацца ў іх газеце «Парус», першы нумар якой выйшаў 3 студзеня 1859 года.