Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч
пакорпаўшыся ў памяці, успомніўшы вусцішныя бабуліны казкі. Быццам бы некалі самыя адважныя і ўмелыя ваяры сярод людзей выкоўвалі адмысловую зброю для бітваў з народам курганоў. Звычайная сталь аднаго з вагнявокіх не заб’е, і нават звычайны жалезны нож проста параніць. А вось загаворанае халоднае жалеза, нават яшчэ і не ўдарыўшы, цягне з не-людзей сілу, раз’ядае, як іржа, спляценні іхніх чараў, ломіць волю і рушыць сілу.
«То, можа быць, – Лель унутрана пахаладзеў, але ўсё-такі не мог пра гэта не падумаць, – можа быць, і добра, што даўняе загаворанае жалеза адабрала ў каменнага кола мову, разарвала ніці наведзеных чар?»
– Спеў камянёў, – загаварыў Йурай, быццам прачытаў у зацягнутым маўчанні Леля гэтае пытанне. – Важны не толькі для нас, чалавечае дзіця. Як думаеш, чаму каменныя чары ўкрываюць усю гэтую зямлю? Чаму прошчы раскіданыя па самых глухіх кутках?
– Я не… – прамармытаў Лель, прысаромлены, адчуваючы, што яму і насамрэч зазірнулі ў не самыя годныя думкі. – Не, не ведаю. Чаму?
– Таму што, – адчаканіў лютніст, – гэтыя чары аддзяляюць нас ад нечага, што страшнейшае за «не-людзей». Або нават за чалавечых дзяцей.
– І што гэта? – Лель зацікаўлена прыўзняў бровы. – Тое страшнейшае?
У перачутых ім бабуліных казках нічога такога не было, ды і Лелю цяжкавата было ўявіць штосьці болей жудаснае, чым Дзікі Гон. Ці чары, здольныя пераўтварыць чалавека ў звера. Ці… Тут Лель прыгадаў чорныя бездані ў зрэнках Той, у сне, які не быў сном, і скалануўся, быццам ад халоднага ветру.
– Можа быць, – нядобра ўхмыльнуўся лютніст, – гэта пачвары, што паглынаюць тых, хто задае зашмат пытанняў!
Лель змрочна засоп. «А можа быць, – працягнуў ён пра сябе, перадражніваючы, – можа быць, ты проста не хочаш адказваць». Праўда, выпрабоўваць цярплівасць Йурая або нават і тых уяўных пачвар Лель не рашыўся і палічыў за лепшае замаўчаць.
Ваколіца, падобна, сапраўды была добра абжытая, бо чым далей, тым болей сустракалася ім людзей. Хтосьці працаваў у полі і паварочваўся на конскі тупат, прыглядаючыся да вершнікаў. Хтосьці прамінаў пратаптанымі сцежкамі да сяліб, несучы мяхі ці кошыкі, а то і вязанкі дроў. Раз-пораз і вазы паўзлі па дарозе, насустрач ці ў той жа бок, і суровыя барадатыя вознікі падазрона касіліся на нябачаных верасовых скакуноў.
Хутка за бліжняй дубровай паказалася ўмацаванае селішча, і на драўляных вежах за ўтравелымі равамі танчылі пад ветрам барвовыя сцягі. Стуль несліся чалавечыя галасы, пах дыму і голас металу пад кавальскім молатам. Туды, да дыму і металу, паўзло некалькі цяжка нагружаных вазоў, грукаталі коламі па пад’ёмным мосце. Лель пытальна зірнуў на Йурая, але той адмоўна пахітаў галавой: іх дарога ішла далей на поўнач.
І чым далей яна ішла, тым больш занядбанымі, здзічэлымі станавіліся мясціны. За наступным жа раздарожжам пазнікалі дымы раскіданых па дубовых узгорках селішчаў. Не бялелі на схілах авечыя чароды, не падавала голасу жалейка. Хутка стала відавочна, што шлях сюды быў закінуты: каляіны зарасталі травою. Вакол раптоўна раскінулася бязлюддзе –