Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч
чароўныя агні. Святло поўні, змешваючыся з зялёным полымем, цяжэла, набывала формы, рэчыўнасці. Хутка па вадзе ад вострава працягваўся сатканы са святла, агню ды чараў мост.
Йурай першым на яго ступіў – і пахіснуўся, і Лель, не задумаўшыся, паспешліва падставіў яму плячо, падтрымаў за руку.
– Халоднае жалеза, – працадзіў лютніст скрозь сціснутыя зубы. – Яно ў вадзе і ў пяску, у паветры нават. Сачыцца атрутаю, выцягвае сілу, і я не магу…
Ён задыхнуўся ад болю. Нешта душыла і труціла яго, выварочвала саму прыроду, і Лель, па сабе ведаючы, як гэта пакутліва і страшна, не мог не паспачуваць.
– Нішто, братка, – казаў ён Йураю супакойліва, цягнучы яго за сабой. – Ты, галоўнае, пацярпі трохі. А там – выправім усё. Без жалеза-та будзе лягчэй?
– Будзе, – з высілкам вымавіў лютніст. І яны ўтраіх крочылі па хісткім мосце са святла да цёмнай кароны скалаў. Азёрны вецер налятаў на іх, трапаў адзенне і валасы, але патыхаў не сырымі трыснягамі ды начною свежасцю, а гніллю і мярцвячынай. І зноў пракатваўся над вадою вусцішны крык, то набліжаючыся, то аддаляючыся, і сэрца ў Леля штораз баязліва замірала ад гэтага голасу.
Між цёмных скалаў іх крокі абудзілі гулкае рэха. Зялёныя агеньчыкі, распадаючыся на меншыя драбочкі святла, цягнуліся ўздоўж ледзь прыкметнай сцежкі, якую нехта высек у камянях. Па сцежцы ў дрогкім святле чароўных агнёў узбіраліся ўверх, і Лель прыкусваў вусны, каб не ўслухоўвацца ў спеў звярынага Голаду, што панаваў тут, аплятаючы ўсё вакол, як ліпкае павуцінне.
Сцежка вывела іх уверх, на прасторную пляцоўку з латкай шапаткой травы сярод зубцоў скальнай кароны. Святло поўні лінула зверху, выхопліваючы кола з шасці белых камянёў, што цягнуліся ў неба. Сёмы камень, што спачываў у сярэдзіне каменнага кола, зеўраў адкрытаю ранаю. З раны той, пабліскваючы пад поўняю, цёмным крыжам падымалася дзяржальна старога мяча. Між плюшчу, што абвіваў і камяні, і зямлю, што караскаўся па скалах, прабіваліся то каліўцы шорсткай травы, то жоўты пясок, дзе перламутрава бліскалі раструшчаныя ракавінкі. Не было вакол няспыннага руху льсняных ценяў, не было шоргатаў, шэптаў і хрыпаў, але тым больш вусцішнымі падаваліся нямыя камяні, абкручаныя сухімі плецямі расліннасці.
Йурай, прыпыніўшыся па-за колам, кіўком паказаў на чорны крыж дзяржальна. Чароўныя агні, драбнеючы, абступілі знямелыя камяні яшчэ адным карагодам і ўсхвалявана мільгацелі, то ўспыхваючы ярчэй, то амаль гаснучы. Ружана, з напятым лукам у руках, трывожна аглядалася – мусіць, не дужа спакойна пачувала сябе тут, зусім побач з нелюдскімі чарамі. Пачвара віскліва ўскрыкнула бліжэй, адразу зайшлася дзікім рогатам, захрыпела – і скалы вакол дробна затрэсліся.
– Паспяшайся, – сіпла мовіў лютніст. Цень ад дзяржальна – чорны крыж – выцягнуўся, папоўз па пяску і траве да Лелевых ног.
І Лель зрабіў крок наперад – быццам нырнуў у халодную непраглядную ваду. Плеці плюшчу дрыжалі, нібы ліпкія ніці павуціння, а спеў Голаду, ненажэрнага, раз’юшанага, зацягваўся, быццам пятля на шыі. Крок – і выбеленыя