Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік). Генадзь Аўласенка

Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік) - Генадзь Аўласенка


Скачать книгу
будан не вельмі цікавіў Васіля, але побач з ім амаль заўсёды трапляліся лісічкі. Хоць некалькі ды было. І Васіль спадзяваўся, што і на гэты раз будан не падмане ягоных спадзяванняў. Па праўдзе кажучы, на сёння гэтае спадзяванне было ці не самае апошняе.

      Каля будана Васіль і сапраўды адразу ж натрапіў на цэльнае радовішча лісічак. Узрадаваны знаходкай, ён хуценька зразаў грыбы і гэтак жа хуценька, нягледзячы, кідаў іх у кошык. Калі лісічкі скончыліся, Васіль збіраўся пакрочыць ужо далей, як раптам… у будане хтосьці слаба варухнуўся.

      Ад нечаканасці Васіль адразу ж таропка адскочыў убок і, спыніўшыся, застыў нерухома, не зводзячы насцярожаных вачэй з будана.

      Там хтосьці быў!

      – Хто тут?! – выгукнуў Васіль і прыслухаўся. І, нібы ў адказ на гэты ягоны вокліч, у будане зноў нехта заварушыўся, а потым да вушэй Васіля данёсся нейкі ціхі ўздых ці то ўсхліп.

      Васіль адчуў раптам не тое каб страх… хутчэй, нейкую незразумелую трывогу. Захацелася проста павярнуцца і пайсці прэч, пайсці не азіраючыся, толькі б далей адсюль, як мага далей…

      Але Васіль застаўся на месцы. Праўда, падысці бліжэй да будана і зазірнуць туды… на гэта ў яго смеласці пакуль не ставала. Таму ён стаяў і пазіраў на загадкавы будан. Працягвалася так даволі доўга…

      А потым яму стала сорамна.

      Ды што ж гэта, на самай справе, мужчына ён ці не?! І Васіль, павольна расправіўшы плечы, рушыў да будана, на ўсялякі выпадак моцна сціснуўшы у правай руцэ невялікі сцізорык.

      У будане і сапраўды хтосьці знаходзіўся. Гэты «хтосьці» ляжаў нерухома, і быў ён несумненна чалавекам. Дзіўна толькі, што чалавек гэты быў зусім без адзення, а калі Васіль прыгледзеўся больш уважліва, ён раптам зразумеў, што перад ім жанчына. «Так! – міжволі падумалася яму. – Гэтага мне яшчэ не хапала!»

      Васіль амаль здагадваўся, што адбылося і як апынулася тут гэтая жанчына. Пайшла, пэўна, дурніца, у лес адна, ну і натрапіла на нейкіх мярзотнікаў. І вось ён, вынік…

      Жанчына між тым зноў варухнулася і, расплюшчыўшы вочы, паглядзела на Васіля. Уражваў яе позірк: столькі ў ім было болю, жаху, адчаю. І яшчэ чагосьці такога, у чым Васіль так і не змог адразу разабрацца. Ён толькі ўздрыгнуў міжволі, а жанчына адвяла позірк і зноў стомлена заплюшчыла вочы. «Так! І што ж мне рабіць з ёй? – зноў падумалася Васілю.»

      Жанчына была маладая і прыгожая – гэта Васіль заўважыў адразу. І яшчэ заўважыў, што правая рука яе ў крыві. Больш ён нічога не змог разгледзець, бо амаль адразу ж сарамліва адвёў позірк.

      – Перавяжы мне руку! – нечакана азвалася жанчына. Голас яе быў крыху хрыпаты, стомлены, але даволі прыемны.

      – Зараз! – замітусіўся Васіль. – Я зараз!

      Ён таропка скінуў з сябе вятроўку, потым зняў кашулю і, крыху павагаўшыся, сцягнуў майку.

      – Зараз!

      Васіль хапатліва адарваў ад майкі роўныя доўгія палоскі. Вырашыўшы, што іх ужо дастаткова, пачаў старанна і акуратна рабіць перавязку, па-ранейшаму стараючыся не глядзець на аголенае жаночае цела.


Скачать книгу