Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік). Генадзь Аўласенка

Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік) - Генадзь Аўласенка


Скачать книгу
Нечакана яму падалося, што лялька спадцішка назірае за ім праз паўзаплюшчаныя павекі.

      Зразумела ж, гэта была ілюзія, аптычны падман… хапала і аднаго звар’яцелага ў гэтым доме, хапала і таго, што ён добра вывучыў сваю ролю, што ён заўсёды выконвае яе на «выдатна»… хапала і тых кашмарных сноў, якія ён бачыць амаль кожную ноч… І ўсё ж…

      Хвіліну таму ён гатовы быў паклясціся, што лялька спадцішка назірала за ім…

      – Хто ты? – спытаў ён тужліва і безнадзейна. – Адкуль ты ўзялася тут і дзе цяпер мой маленькі Бобі? Ці, можа, мая жонка і сапраўды мае рацыю, і ты – гэта ён? Калі ты і сапраўды – Бобі, або, калі ты ведаеш, дзе ён цяпер, перадай, што я люблю яго! І ніколі не пераставаў любіць! І ніколі не пераставаў… спадзявацца…

      Не дагаварыўшы, ён павярнуўся і пайшоў прэч. Прычым, увесь той час, пакуль ішоў да дзвярэй, яго не пакідала адчуванне, што лялька, крыху павярнуўшы галаву, глядзіць яму ўслед. Са спагадай, з пагардай… а мо і з пагрозай, хто ведае…

      Гэта было вельмі непрыемнае адчуванне, але ён так і не адважыўся азірнуцца, каб упэўніцца ў тым, што ўсё гэта яму толькі падалося. Убіўшы галаву ў плечы, ён міжволі паскорыў крок і, толькі выбраўшыся з пакоя і зачыніўшы за сабой дзверы, уздыхнуў, нарэшце, з палёгкай…

      Сустрэча

      Плошча каля крамы была ярка асветленая шматлікімі ліхтарамі і рэкламай, і таму дзяўчына з юнаком былі добра відаць. Але зусім не відаць было старога, які моўчкі пазіраў на іх з цемры старога парку.

      «Гэта не яна! – зноў падумалася старому. – Так не бывае… не павінна быць! Я памыліўся, проста памыліўся!»

      Але дзяўчына зноў засмяялася, звонка і знаёма. Потым, узняўшы руку, яна яшчэ больш знаёмым жэстам правяла па валасах чарговага свайго кавалера… а ў старога раптам балюча сціснула сэрца і на кароткае імгненне аж перахапіла дыханне. Ён нават сам крыху здзівіўся гэткай сваёй рэакцыі…

      Што гэта? Боль успаміну? Ці ён – смешна казаць – усё яшчэ кахае яе, старая развалюха?

      Стары ўздыхнуў, нейкі час глядзеў на сваю тонкую дрыготкую руку, рука павольна ўзнялася, і пальцы старога міжволі намацалі ледзь прыкметны шнар на шыі.

      Шнар даўно загаіўся… а дзяўчына выглядала такой юнай, зусім яшчэ дзяўчо…

      Як і тады, у Юрмале!

      Так, гэта была яна… і ўсё ж такога не магло быць, ніяк не магло! Ён сам, пэўна, з’ехаў з глузду, стары дурань, вось і прыдумляе бог ведае што…

      У гэты час дзяўчына зноў весела засмяялася і сказала штосьці свайму кавалеру. Той у адказ толькі моўчкі кіўнуў і, павярнуўшыся, нетаропка пакрочыў у бок крамы. Сама ж дзяўчына нечакана падалася ў процілеглы бок, якраз туды, дзе, нябачны ў цемры, стаяў стары. Дзяўчына ішла проста да яго, і стары ўжо хацеў саступіць ёй дарогу, адысці куды далей у цемру, як раптам убачыў радзімку над левым брывом дзяўчыны, таксама такую знаёмую радзімку. І тады ён не толькі не падаўся ў цемру, але наадварот – сам зрабіў крок насустрач, перагароджваючы дзяўчыне далейшы шлях.

      – Хто вы?! – рэзка і нават спалохана ўскрыкнула яна, спыняючыся


Скачать книгу