Інфанта і аднарог. Сяргей Балахонаў
вочкі табе будуць строіць тысячы з іх. І ты халеры ўгадаеш, якая адна сапраўды жадае тваёй… кхе-кхе… ласкі, а не цудоўных гадавых адзнак. Пераключайся на каляжанак. Так будзе прасцей і бяспечней.
– Ды што вы такое прыдумляеце, Дзяніс Давыдавіч! – абурана выгукнуў я. – Я меў на ўвазе чыста чалавечыя адносіны, а не нейкія там спакусы.
Іскаліеў прамаўчаў. І фізік, і ўчорашні выпускнік таксама не выранілі ні слова. Павіслая пасля гучных рэплік цішыня дужа зацікавіла вісусаў са спортпляцоўкі. Алесь Альхімовіч зірнуў на іх і заспеў недаўменны погляд мацака-пераростка.
– Хімыч, што там? – звяртаючыся да Альхімовіча па мянушцы, на ўвесь школьны двор прашаптаў той.
– Разумееш, Лейка, калісьці даўным-даўно, гадоў так пяцьдзясят таму, калі школа толькі-толькі будавалася, адзін мужык замураваў у цагліне буйны брыльянт на 89 карат. Вось мы зараз шукаем, каб яго прадаць, а за атрыманыя грошы забамбіць у школе еўрарамонт, пабудаваць басейн з саўнай ды на сто год забяспечыць безлімітны доступ да звышхуткаснага інтэрнэту.
– А ты тут пры чым? – удакладніў Лейка і недаверліва плюснуў вачыма.
– А я ў долі, – зноў-ткі шэптам паведаміў Алесь. – Брулік жа вялікі… – Адломіш кавалак? – хцівасць пераростка ўзяла верх над недаверлівасцю.
– Хе, «адломіш»! Па-першае, за якія заслугі? А па-другое, так проста яго не адломіш. Патрэбны станок «Жылет» з плаваючай галоўкай… – Дык я, гэта самае, збегаю зараз. Куплю. На піве зэканомлю.
Мы ў чатырох пераглянуліся і, не стрымаўшыся, сталі трэскацца ад смеху.
– Але, Варонка, адразу бачна, як ты ў школе вучыўся, – заўважыў Майсюк, звяртаючыся да пераростка па прозвішчы.
– А што такое? – злёгку прыгаломшаны, круціў вачыма пацан.
– Ой, за ліхімі, за марозамі! Лейка, нават я ніколі не быўшы батаном, ведаю, што брыльянт ні «Жылетам», ні вось гэтым малатком не расколеш, – павучаў Альхімовіч. – А ты і павёўся на мой развод.
– Добрую варонку лейкай не назавуць, – нядбала кінуў я, прыгадваючы, колькі крыві мне ў свой час папіў гэты хлопец.
Варонка злосна зіркнуў на ўсіх нас, ненавідзячы за свой падарваны перад таварышамі-недалеткамі аўтарытэт. Яго погляд спыніўся на мне. Я не стаў адводзіць вачэй, колка свідруючы імі яго. Той намагаўся нешта сказаць, але ўрэшце толькі грэбліва махнуў рукой, буркнуў нешта сваім сябрукам і пасунуўся прэч. Тыя, быццам верныя янычары, пабрылі следам за ім.
– Ну, усё, хлопцы, трэба і меру ведаць. Досі ўжо працы, – урачыста аб’явіў Давыдавіч, і мы з ім пагадзіліся большасцю галасоў.
Наш невідочны напарнік Вальдэмар Мікітавіч паспеў нябачна для нас задаць лататы роўна а першай гадзіне дня – у зафіксаваны час сканчэння працоўнага дня настаўнікаў у час летніх вакацыяў. «Добра, што хоць ён не чуў пра Цыпіну», – чамусьці падумалася мне, і смутны, нібы шэрая зязюля, я пайшоў мыцца.
2
Эпапея з цэглаю працягвалася яшчэ колькі дзён. Тэма настаўніцкіх спакусаў у нашых гутарках больш не ўздымалася.