Інфанта і аднарог. Сяргей Балахонаў

Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў


Скачать книгу
больш.

      Я сядзеў і думаў пра ўвесь вакольны гармідар, звязаны з няпэўнасцю майго прафесійнага і пачуццёвага становішча. Я думаў, амаль не разумеючы дзіўнага навароту тых дзён. Ад маіх думак нічога не залежала, акрамя майго штучна прыўзнятага настрою. На мой старэнькі, налева прашыты «Сімэнс» з невядомых нумароў прыляталі нечытэльныя sms’кі. Зусім верагодна, што самыя актыўныя школьныя добразычліўцы спяшаліся скласці мне свае мабільныя віншаванні. Але ўся іх шчырасць (ці хітрасць), давераная сотаваму ветру short message service, не вытрымаўшы сіта кадавання, ператвараліся ў пытальнікі. Я глядзеў на гэтыя сярпочкі з кропкамі, і прыўзняты настрой апускаўся ніжэй за плінтус. І даводзілася, як таму Трышчану слаўнаму рыцару, перабываць у жорсткім сэрцы. Але зусім ненадоўга, бо ірыгацыйная сістэма электроннае пошты несла ў палі маёй жорсткасэрнасці жыватворную вільгаць дасціпных каментараў на мае блогпасты ў «Жывым Журнале». Настрой сакалінай сям’ёй паднімаўся з нізін, і ніводнай звілінай свайго мозгу я не мог дапяць, што наступным днём без лішніх цырымоніяў мяне дэсантуюць у імглістых далінах за ракой Рубікон.

      На той час з адпачынку вярнуліся амаль усе настаўнікі. Рамонтныя баталіі плаўна перамяніліся вытворчымі нарадамі, лятучкамі і паседжаннямі настаўніцкіх метадычных аб’яднанняў. Педагагічны фронт на наступны год абяцаўся быць, як заўжды, абсяжным. Пэўна, самі нябёсы, яшчэ больш давяраючы школе, ставілі перад настаўнікамі новыя выхаваўчыя задачы, якія прыродна мусілі б выконваць бацькі. Такі давер цешыў і выклікаў два вазы і цэбар здаровага энтузіязму ў імкненні рэалізаваць задуманае нябеснай акадэміяй рэфармаванне школы.

      Паседжанне нашага метадычнага аб’яднання, якое гуртавала настаўнікаў не толькі гісторыі, але яшчэ і геаграфіі, было для мяне эпахальным. Кіраўніца аб’яднання Зінаіда Львоўна Данцова, з якой у нас заўсёды былі добрыя дачыненні, зачытвала гадавую справаздачу, дзе абычас у негатыўным кантэксце ўсплывала маё імя – курс па выбары заваліў, вечар прысвечаны ўгодкам Сталінградскай бітвы праводзіць адмовіўся, падставіў трусіка Роджэра і спаліў Александрыйскую бібліятэку… Так, усё было цалкам справядлівым. Я і сапраўды або нічога не рабіў, або рабіў не так, як трэба. Ці то ад неймавернай стомы, ці то ад простага лайдацтва, ці то ад нарастаючага тады пачуцця да Настассі. Данцова старалася выглядаць досыць суворай. Я строіў міну пакаяннага катаржніка, паўтараючы, што ў новым годзе абавязкова-абавязкова выпраўлюся і стану на шлях ісціны, каторым удала маршыраваў яшчэ пазалетась. Мабыць, такой рэакцыі ад мяне і чакалі, бо ў плане работы МА на новы год маё імя – ракам, бокам і з падскокам – было ўпліснута ва ўсе магчымыя і немагчымыя дзіркі. Я неўпрыкмет, на колькі гэта было мажлівым, уздыхаў, спрабуючы ўявіць, што ж яшчэ такога прыдумала Зінаіда Львоўна, каб добра прапыласосіць маю карму. Мая другая каляжанка Галіна Альгімонтаўна Мятлікава намагалася мяне падбадзёрыць. Геаграфіні асабліва нічога не гаварылі. Паседжанне скончылася аднадушна прынятым планам работы метадычнага аб’яднання на чарговы педагагічны сезон. З не меншым аднадушшам


Скачать книгу