Каханне (зборнік). Мікола Калядны
асадзіў сябе, паспрабаваў прыстасоўвацца і манеўраваць, але невядомасць і рызыка ўзбуджалі, вабілі, прыспешвалі – і нябачныя істоты не адставалі.
Адкараскацца ад іх было немагчыма. Мікаэль махаў рукамі і сукаў нагамі, трос галавою, выгінаўся, запрагаў думкі – але яны толькі прырасталі колькасцю і яшчэ ярасней яго мучылі. Збоку гэта выглядала як танец звар'яцелага.
У нейкі момант ён адчуў палёгку, а затым і наогул спад пакутаў.
Здзіўленне, якое не праходзіла ад самага пачатку вандроўкі, павялічылася.
Ахмад узрадаваўся: нарэшце гэтая поскудзь адстала. Яна раздражняла і гнявіла яго, пазбаўляла асалоды ад прыгодаў.
Не паглыбляючыся ў прычыны і трапечучы ад хвалявання, ён абхапіў галу і пайшоў на таран.
Джордж схамянуўся, агледзеўся і раптам убачыў катастрофу.
Ускудлачаная барвовая куля ўварвалася ўнутр і імкліва разразала прастору, вынішчаючы ўсё на сваім шляху. Буйныя целы ўміг выбухалі, палымнелі і разляталіся ўбакі агнёвымі аскялёпкамі, дробныя – шарахцелі, поршчалі й іскрыліся. Ён жахнуўся і застыг, калі нечакана заўважыў сваіх крыўднікаў, а дакладней – іхнюю смерць. Яна паўставала як яркая светлавая паласа, што заставалася пасля няпрошанай госці – агрэсіўнай кулі.
Замбу прасякла сучуцце – і да яго дайшло, што невядомыя асобіны пасля выяўленьня любой небяспекі заўсёды дружна кідаюцца на яе ліквідацыю і самааддана гінуць. Нейкая таямнічая, але адчувальная сіла кіравала імі, змушала менавіта да такіх паводзінаў, не даючы аніякае альтэрнатывы.
Нават калі гала спынілася і мусібыць ужо нікому не пагражала, яны ўсё адно працягвалі на яе нападаць. Ад гэтага тая ўздрыгвала і раз-пораз мяняла афарбоўку.
Раджыў ведаў, што ўсё рана ці позна знікае і памірае, а хто ў дадзеным выпадку будзе першым – вырашаў Час. Чакаць яму не хацелася. Навошта? Наперадзе столькі цікавага! Паспець бы!
Ён рушыў далей, прагна паглынаючы ўсё бачанае, адчутае і ўсведамляючы канцовасць гэтай прасторы і часу.
Зноў паласнуў светлавы разрад – і Кастусь неўспадзеўкі, у адзін міг выскачыў вонкі. Крэсла імкліва аддалілася і набыло ранейшы выгляд.
Уражаны і сцерхлы, ён ляжаў побач не ў стане адвесці ад яго вачэй.
Розум амяжыўся, ніяк ня мог агоўтацца і выдаваў толькі банальныя высновы накшталт такіх, як «гэта быў сон», «галюцынацыі», «поблуд». А калі адаптаваўся і перамалоў доймы, то праказаўся арыгінальнымі, дасюль неспасціжнымі падыходамі.
З навакольнага асяроддзя нібыта спала смуга – і ўсё наскрозь праяснілася.
Кастусь убачыў прадметы без абалонкі, нібы распранутымі і мог назіраць іхняе актыўнае ўнутранае жыццё. Крэслы, якія дагэтуль здаваліся статычнымі і аднолькавымі, між сабою адрозніваліся структураю, колерам, памерамі і жвавасцю складовых часцінаў. Ніводзін сюжэт не паўтараўся. Кожны развіваўся своеасабліва, цікава і захапляў. Але адразу ўцеець сакрэт такое адметнасці Кастусь не здолеў, хоць і адчуваў ягоную ўсюдыіснасць. Ён стаў кранаць, рухаць мэблю, садзіцца