Мінск назаўжды (зборнік). Коллектив авторов
засталіся з тых часоў барная стойка, зэдлікі і маленечкія сталы з лакіраванага дрэва. За гады лак пакрыўся драпінамі.
Восеньскімі і зімовымі вечарамі тут гучалі вар’яцкія імправізацыяі бопа, кул-джаза і бог яго ведае чаго яшчэ ад безыменных джазменаў.
Маленькая сцэна ў канцы залы. Змрочнае асвятленне. Цені крадуцца па сценах у цьмяным святле лямпаў. Музыкант з гітарай імправізуе на сцэне, глухія гукі барабанаў, хрыплыя галасы паўшэптам.
Павольна напіваючыся да фіналу, хістаючыся, музыканты сыходзілі са сцэны, саступалі месца іншым. Музыка не сціхала да самай раніцы. Размешчаны не ў жылым доме, бар мог сабе дазволіць бруіць усю ноч, да світання. А на досвітку тыя, хто застаўся да канца, выцякалі на вуліцу цёмнымі ручаямі.
Сюды сцякаліся самыя розныя людзі. Усе – нібы ярка запаленыя свечкі ў начным акне. Вар’яты, бадхісатвы, гарадскія падпольныя дзэн-манахі, што дасягнулі прасвятлення праз джаз і віно. Нібы густы гарадскі булён, людзі варыліся і бурлілі ў невялікім падвальным памяшканні.
Сярод сотняў людзей, з ліха насунутымі капелюшамі, сярод нядбайна апранутых моднікаў – мільгалі гарадскія багі. Святыя трушчоб, што блукаюць днём па горадзе з апаленымі крыламі. З надыходам ночы ў святле падвальных лямпаў яны ажывалі.
«Хто ад’язджаў у Мінск, хто паміраў у Мінску, хто вяртаўся ў Мінск і дарэмна чакаў, хто прыглядаў за Мінскам і сядзеў задуменны і самотны і ў рэшце рэшт сыходзіў, каб даведацца што такое Час, і цяпер Мінск пусты і пазбаўлены сваіх герояў».
Там заўсёды было пракурана, заўсёды шмат людзей, асобы і імёны якіх сціраліся з памяці ў той момант, калі за спінай зачыняліся цяжкія чорныя дзверы бара.
Жыццё праходзіла звычайна чатыры дні на тыдзень, з пятніцы па нядзелю мы ішлі туды і бавілі час да закрыцця.
Людзі выпальвалі целы знутры ў вар’яцкіх танцах, перакульваючы чарку-другую, а хтосьці і больш. Часам спыняліся, стаялі, палілі, глядзелі, пераводзілі дух і зноў уключаліся ў Тэму.
Бармен, смуглы, з чорным шчаціннем, лысы, падобны на цыгана, з завушніцай, не наліваў нічога акрамя «чыстага» алкаголю. Але калі ты прымільгаўся, стаў «сваім», мог змяшаць які-небудзь просценькі кактэйль.
Калі ўсе вывальваліся ў цьмяную і хмурную раніцу, палілі апошнюю, «шчаслівую» цыгарэту. Пара, якая падымалася ад разгарачаных целаў, у святле згасаючых ранішніх ліхтароў была падобная на расплаўлены бурштын.
Раніцай пешшу спускаліся ўніз па вуліцы, у бок Перамогі, адтуль раз’язджаліся па дамах на ранішніх трамваях.
У траўні бар зачыніўся. Ніхто не ведаў з-за чаго. Проста ў нейкі момант яго не стала. Дзверы зачыненыя.
Ці быў ён насамрэч? А можа, мы яго прыдумалі?
Успаміны падводзілі нас. Знікалі. Спярша яны гублялі выразнасць, быццам ты зняў акуляры – і ўсё стала размытым.
Потым дэталь за дэталлю знікалі зусім, сцёртыя пастаяннымі згадваннямі і «дакрананнямі».
Так рэч губляе завостраную выразнасць, калі да яе тысячы разоў датыкаешся і круціш