Мінск назаўжды (зборнік). Коллектив авторов
пазакопвана золата! Пасля нараджэння дачкі Яўген адзін паехаў шукаць папараць-кветку. Шукаў, блукаў і знайшоў. Загарнуў яе ў чырвоную хустачку і прывёз у Асмалоўку.
Зайшоў у кватэру. У дзвярах яго сустрэла жонка. Мужчына перадаў ёй знаходку і пайшоў прымаць душ. Ён страшэнна стаміўся ад начной вандроўкі. Думаў: памыецца, пап’е гарачай гарбаты з малінавым варэннем і разам з Рытай палюбуецца кветкай. Выйшаў мужчына з ванны, а ў кватэры ціха-ціха і зусім цёмна. Пайшоў у спальню. Дачка спіць і жонка спіць. Пабудзіў Яўген сваю Рыту, а тая і ведаць нічога не ведае пра дзівосную кветку. Чорт даў Яўгену пагуляцца з папараць-кветкай, а потым ператварыўся ў жонку і забраў забаўку.
Так усе ў Асмалоўцы думалі і казалі: «Чорт даў – і забраў чорт». Я не спрачаюся. Ёсць у сям’і Дзічак дзяўчынка, гэта не горш за падземныя скарбы з золатам. Нават лепш за іх. Цяпер Купалле Дзічкі святкуюць толькі ў горадзе, у лес па кветку не ездзяць, гадуюць Злату.
Вулічнік, бутэлька, Хатнік
У кожнай мясціне свае адметныя здані, духі і пачвары. Ёсць і ў Асмалоўцы цікавыя постаці, што прыходзяць у наш свет са свету іншага. Адну такую пачвару асмалоўцы клічуць Вулічнік. Ён носіць доўгі, ніжэй за калена, плашчык, на галаве ў яго шэры капялюш. На твары – нос-бульбіна і песняроўскія сіваватыя вусы. Вочы ў Вулічніка – чысцюткі блакіт і круглыя, як у Мулявіна. Сустрэнеш такога і падумаеш: пэўна, гэта артыст з опернага тэатра, балазе тэатр той побач стаіць. Лепей Вулічніка не сустракаць, бо зловіць твой позірк на сабе, зазірне ў вочы, падыдзе і прапануе разам выпіць. Вулічнік выцягне з рукава пляшку з гарэлкай і скажа, што трэба прайсці два крокі, там у яго ўтульная кватэрка, у якой можна будзе спакойна пасядзець, выпіць і пагаварыць пра жыццё-быццё. Па дарозе да кватэркі Вулічнік звычайна расказвае будучаму сабутэльніку смешныя показкі. Чалавек ідзе і ідзе за Вулічнікам, ідзе і не заўважае, што прайшоў не два крокі, а чорт ведае колькі. Можна так цэлую ноч прабадзяцца па горадзе. Адно добра, што показак наслухаешся і насмяешся на тры гады наперад.
Толік Бараноўскі з трыццатага дома прахадзіў за Вулічнікам ажно пяць гадзін. Алесь Лосік з дваццаць восьмага толькі а шостай раніцы дамоў вярнуўся, а Вулічніка ён сустрэў а восьмай вечара, калі з крамы «Суседзі» выходзіў. Васілю Казловічу з трыццаць другога пашанцавала, бо каля вайсковага вучылішча іх спыніў Хатнік. Ён прагнаў Вулічніка і завёў п’янага Казловіча дамоў. Трэба сказаць, што ўсе мужчыны былі на моцным падпітку. Да цвярозых людзей Вулічнік не чапляецца. Каб ён вадзіў па Мінску жанчыну ці падлетка, пра такое ў Асмалоўцы ніхто не казаў. Вулічнік гуляе выключна ў мужчынскія гульні, мусіць, ён яшчэ не чуў пра гендарны баланс. Але гэты пачуе: такія пачвары маюць добры слых і хутка прыстасоўваюцца да новых варункаў у новым часе. І яшчэ… Пазнаць Вулічніка прасцей простага, бо ў яго на руках не па пяць пальцаў, як у людзей, а па тры.
Аловак, майстэрня, возера…
Кастусь Шаранговіч маляваць не любіў, але мастаком стаў. Трэба сказаць, што ў мастакі Кастусь пайшоў невыпадкова.