Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата. Людміла Рублеўская
позіркам яе гнуткі, як у дзяўчыны, стан.
– Мы нічога супраць Бога і прыроды не робім, мадам Лёднік. Напрыклад, на востраве Ява дзікуны спаконвеку дасканала валодаюць методыкай, якую мы толькі намацваем, і самых агрэсіўных чальцоў племені жрацы з дапамогай свярдзёлка і голкі, якую заганяюць у лобныя долі мозга, ператвараюць у ціхамірных пакорлівых працаўнікоў.
Здавалася, жоўты прыплюснуты чэрап з дзіркай, адабраны ў Сафійкі, намагаецца адпаўзці падалей ад прагрэсіўных дактароў, у глыб паліцы.
– Вы не распавядалі пра гэта, вашамосць! – цёмныя вочы Лёдніка зноў загарэліся фанатычнай цікаўнасцю. Дэ Вард прыўзняў бровы ў ветлівым здзіўленні.
– Не можа быць, каб вы гэтага не чулі, дарагі доктар! Не далей чым праз тыдзень у Латэ прыбудзе карабель, які адпраўляецца на Яву з экспедыцыяй, і наш калега Жак Перэс далучыцца да яе. Эксперыменты з псіхікай на астравах проста ўнікальныя! Ёсць, напрыклад, звесткі пра ажыўленне нябожчыкаў. Некаторых тубыльцаў уводзяць у штучную кататонію, хаваюць. Потым жрэц выкопвае небараку, прыводзіць у прытомнаць, чымсьці апойвае – і чалавек нібыта робіцца іншым… А якія там рэдкія расліны! У пана Жылібера блізка такіх няма…
Лёднік слухаў, кусаючы тонкія вусны, і відаць было, гатовы зараз жа сарвацца й плысці на тую Яву. Саламея ўхапіла яго за рукаў: – Бутрым, ты не можаш нікуды ехаць! Ты мусіш выканаць працу, дзеля якой цябе паслалі… Увесну цябе чакае князь Тызенгаўз. У цябе лекцыі. І пра нас падумай…
Лёднік перахрысціўся, нібыта адагнаў ачмурэнне, і пакорліва ўздыхнуў.
– Сапраўды, не да экспедыцый.
– Што ж, яна не апошняя, дарагі месье Лёднік! – суцешыў дэ Вард. – Разумею вашу скруху – нельга паспець усё, што здаецца важным… Таму ці не настаў час выбіраць? Развітайцеся са сваймі ранейшымі абавязкамі, колькі ў вас іх ні было б – і прысвяціце сябе канчаткова нашаму Таварыству. Увесну мы вернемся ў Парыж, і нас чакаюць вялікія справы. Ад заўтрашняга ж дня вы пачнеце атрымліваць плату ў дзесяць тысяч ліўраў у год, у вас будуць неабмежаваныя магчымасці для даследчыцкай працы і перспектывы для кар’еры.
Дэ Вард гаварыў нават суха, не вуркатаў, як над вухам гожанькай прыслугі, ад таго словы былі важкімі.
– Паверце, над намі асобы настолькі магутныя, што вам ніколі больш не давядзецца клапаціцца ні пра грошы, ні пра небяспеку.
Вырвіч сціснуў кулакі… Пракляты француз на здраду Айчыне падбівае! Але Лёднік толькі ветліва пакланіўся:
– Дзякую за шчодрую прапанову, вашамосць. Мае абавязкі не такога кшталту, каб іх можна было разарваць без непапраўнага ўрону для гонару.
Саламея схіліла галаву, каб схаваць усмешку палёгкі.
– У любым выпадку, праз тыдзень мы чакаем вас, шаноўны пан Лёднік, у Манпелье на чарговым доследзе! – не паказаўшы расчаравання доктаравай трываласцю перад спакусай, нагадаў дэ Вард.
– Пацыент будзе незвычайны, які – пакуль сакрэт! – таямніча дадаў Бяскоўскі, падчапіў на відэлец кавалак парсючка і панёс у рот. На твары пана адбілася