Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата. Людміла Рублеўская
і бязлітаснае – слізгае каля цябе ў цёмнай вадзе, і не ведаеш, ці адразу глыне, ці нагу адхопіць.
– У судзе нічога не давялі, але гаворка ішла пра выкраданне дачкі аднаго збяднелага двараніна, – Жылібер скрывіўся, як ад смуроду. – Гэтыя радавітыя вычварэнцы Калігулу ды Нэрона здзівілі б сваймі гнюснымі забавамі.
Пранціш трохі нахмурыўся ад чарговага рэспубліканскага выпаду французскага знаёмца – у спрэчках пра “выраджэнне арыстакратыі” ім ніколі не прыйсці да згоды. Жылібер уздыхнуў.
– Эх, калі б удалося даведацца, чым насамрэч займаюцца ў Таварыстве, ды шум падняць, прынамсі, шпіталь ім не аддадуць. Хто ж туды пойдзе лячыцца, ведаючы, што стане ахвярай бязбожных доследаў? Ды й, магчыма, удасца з горада шалбераў выжыць – з Парыжа дэ Вард і Бяскоўскі не па сваёй волі з’ехалі. І пан Лёднік, калі даведаецца праўду, адумаецца – чалавек ён прыстойны… Але само неба нам спрыяе!
Батанік горача перахрысціўся – Вырвіч успомніў, што той мусіў стаць па волі бацькі святаром, пакуль не падгледзеў цікавае ўскрыццё трупа.
– Я б нічога не намеліўся сам выведваць, а тут у дом дэ Варда ўзялі прыслугай небараку, які абавязаны мне жыццём. Ён пасля траўмы кепска гаворыць, але паны не ведаюць, што гэты лядашчы бядняк, якога ў горадзе ўважаюць за дурылу, умее чытаць і пісаць. Так што Агюст, падслухаўшы, што мяне хочуць знішчыць, сам прапанаваў дапамогу. Але ў судзе з яго сведка, як вы разумееце, ніякі.
Жылібер пацёр рукой лоб з раннімі зморшчынамі. Анатамічныя малюнкі, развешаныя па сценах кабінета ўперамежку з засушанымі раслінамі ў зашклёных рамачках, нагадвалі пра буцвенне, цвіленне, паміранне ды іншыя вартыя для роздуму добрых хрысціян рэчы.
– Калі б толькі месье Барталам’ю Лёднік не быў такім упартым… Адзін спадзеў – вы, месье Вырвіч, яго ўгаворыце, каб разведаў, чым там у сутарэннях займаюцца. Пакуль жа – не хоча і слухаць, што справа Таварыства – з гніллю, ды спасылаецца, што слова даваў, сам не стане лезці ў сакрэты калег. – Калі слова даў – памрэ, не парушыць. Мяне вунь ні разочку з сабой на іх доследы не ўзяў – забаронена, маўляў, старонніх прыводзіць, – задумліва прамовіў Пранціш, а ў душы паступова разгаралася знаёмая жарынка, і вось ужо нішто сабе вогнішча так і паліць прагай новых прыгодаў.
– Я сам усё разведаю! – рашуча заявіў Вырвіч. – Мне не ўпершыню. Уга, у якіх жорнах давялося пабываць! Замкі любыя адчыняю звычайнай шпількай – Лёднік сам вучыў, калі мы пані Саламею ў Слуцкім замку вызвалялі. Зброя мая не хібіць!
Пранціш, як маланка бліснула, выхапіў верную шаблю, якую зваў па імені радавога герба Гіпацэнтаўрам, выпісаў у паветры хітры вензель – ажно засвістала.
– Падумаеш, нейкія падазроныя лекары… Ваш слуга ўпусціць мяне, каб я ў сутарэнні зазірнуў?
Жылібер сярдзіта пераклаў з месца на месца выпускі Венскага медычнага штогодніка, быцам шукаў на іх старонках парады.
– Не, не варта так рызыкаваць… Вы, месье Вырвіч, асоба вядомая – асабліва пасля двубою з пляменнікам