Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата. Людміла Рублеўская

Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата - Людміла Рублеўская


Скачать книгу
але не магу ўпусціць такі шанец – пабачыць надзвычайныя медыцынскія здольнасці тубыльцаў Інданезіі.

      Каб тым тубыльцам шашаль пяты патачыў з іхнімі медычнымі цудамі…

      – Як жа ён… Праз два акіяны… У яго ж марская хвароба… Напакутуецца. І лекаў з сабой не ўзяў… – нейкім змярцвелым голасам прагаварыла пані. І Пранцішу – як нажом па сэрцы. Трэба ж, не пра сваю крыўду – а пра здароўе збеглага мужа думае.

      Вось Алесік крыўды не хаваў. Здавалася, ён цяжэй за ўсіх перанёс раптоўны ад’езд бацькі. Прагаварыў толькі адно:

      – Ён слова даў скончыць са мной дослед. Шляхціц не мусіць слова парушаць! Гэта ганьба!

      І больш пра татку не гаварыў, зацяўся ды слёзы крадма выціраў. Аднойчы толькі слоікі свае з нечым жывым і незразумелым паразбіваў.

      Лета штурхала перад сабой па пыльнай дарозе сонечны вазок. А Саламея і Пранціш вынайшлі тужлівую гульню: усё разважалі, чым зараз мог бы займацца Баўтрамей Лёднік… Вось ён на караблі, разглядае ў падзорную трубу паўднёвыя зоры. Лечыць прыхварэлага матроса. А можа, зашыўся ў кут каюты, і яго самога ванітуе – не пераносіў полацкі алхімік марской гайданкі. А цяпер ён, напэўна, ужо бачыць бераг Афрыкі. Карабель прычаліў, набегла мурынаў, прынеслі мяняць нешта цікавае – слановыя біўні, каралы, какосавыя арэхі на шкляныя пацеркі, самыя надзейныя грошы ў экзатычных падарожжах. А цяпер павінен быў і да Явы даплысці…

      Ці шчаслівы там доктар, ці знайшоў, што хацеў? Пранціш уяўляў апантаных пілігрымаў, што не данеслі да свае мэты галоўнага – чыстага сэрца, і таму не ўбачылі Грааля.

      …Між камянёў змяя слізгае,

      Вільготны след – нібыта смерць.

      А мы шукалі браму рая,

      Адкуль не поўзаць – а ляцець.

      А мы так доўга твань мясілі,

      Ламалі голле ўздоўж дарог.

      Прыйшлі – а нам не далі крылляў,

      Глядзім – а нас не бачыць Бог…

      Ліст прынеслі толькі аднойчы. Скамечаны, пажаўцелы… Пані Саламея, калі думала, што ніхто не бачыць, прыціскала паперу да твару, быццам хацела надыхацца аднымі пахамі з мужам, адчуць дотык рукі, што выводзіла літары… Бо з самога ліста нічога нельга было толкам даведацца: тыя ж “не хвалюйцеся” ды “прабачце”.

      А справы ішлі ўсё горш… Пан Жылібер, падобна, расцаніў ад’езд Лёдніка як здраду, і з Пранцішам вітаўся вельмі холадна. Можа, не паверыў і ў тое, што Вырвічу нічога разведаць не ўдалося. Тым больш Агюст знік, як сабака на кірмашы: слугі распавялі, сабраў клунак ды падаўся да нейкай далёкай радзіны ў Праванс. Што было цалкам зразумела.

      Пацыенты, кінутыя ліцвінскім доктарам, абураліся і, вядома, іх кашалькі і здароўе патраплялі ва ўладанне іншых эскулапаў.

      Праўда, тыя хворыя, што не мелі напханых кашалькоў, – ткачы, вугальшчыкі, ды проста жабракі, па-ранейшаму цягнуліся да дзвярэй Чорнага Доктара ў спадзеве на бясплатны ратунак, і маглі задаволіцца лекарскімі ўменнямі ягонай жонкі. Але ж ясна – даходу ад гэтага было не больш, чым зерня ад сурэпкі, хіба хтось з пацыентаў аддзячыць кошыкам яблыкаў ці


Скачать книгу