Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах. Ксенія Шталенкова
бо падарожнічаць ім не болей за тры гадзіны, навошта ж неапраўданы шык?
– Як разумна! – не прамінуў выказаць захапленне Андрэй Вікенцьевіч, канчаткова сапсаваўшы ўражанне ў вачах панны Пракшыной. – Прызнацца, я б і сам узяў другі клас, падарожнічай я адзін, але што зробіш, даводзіцца ісці на дадатковыя выдаткі…
«З кім гэта ён падарожнічае?» – раптам падумалася Яўгеніі Канстанцінаўне, але яна адагнала ад сябе залішнюю цікаўнасць і, падняўшы кошык з Тэдзі, рушыла следам за татухнам.
– Дазволіце? – не дачакаўшыся ўхвалення, пан Падгорскі адразу ж адняў у яе кошык і прапусціў наперад.
– Тэдзі не любіць быць у чужых руках, – з’едліва заўважыла яна.
– Я думаю, мы з ім зладзім, – па-змоўніцку падміргнуўшы ў кошык, адказаў Андрэй Вікенцьевіч.
«Невыносны чалавек», – пастанавіла панна Пракшына, але ўпарціцца з-за такой дробязі не стала, разам з тым са здзіўленнем адзначыўшы, што, аказваецца, Андрэй Вікенцьевіч, хаця спачатку і не падаўся ёй занадта высокім, амаль на галаву вышэйшы за яе. Ростам нашая дзявіца пайшла ў татухну і, стоячы і на невялікіх абцасіках, звычайна высілася з Канстанцінам Мікалаевічам ледзь не ўпоравень. Цяпер Яўгенія Канстанцінаўна са шкадаваннем разважала, што не можа пры пэўным выпадку спапяліць пагардлівым позіркам зверху ўніз надакучлівага, па яе меркаванні, новага знаёмца, каторы вось і зараз не адчэпліваўся з нейкімі роспытамі пра Тэдзі і любоўю да сабак увогуле. Але тут яны апынуліся ў калідоры, дзе на іх знянацку наляцелі знаёмцы старыя, а дакладней – учарашні пыкала разам з кампаніяй сябрукоў. Рука яго і праўда была перавязаная, ну а ўжо аблічча пры з’яўленні панны Пракшыной выявіла шчырую буру эмоцый. Аднак пакуль яна нават і прыдумаць не паспела, які ж выраз надаць уласнаму твару з нагоды нечаканай сустрэчы, Андрэй Вікенцьевіч, нават не зважаючы на купку маладых людзей, адцёр іх ад сваёй спадарожніцы і праводзіў следам за татухнам, які ўжо чакаў іх наперадзе.
Рэшту дарогі панна Пракшына правяла, адгарадзіўшыся ад татухны і пана Падгорскага сваім нататнічкам, у якім ужо раз дзясяты перачытвала свае conclusions[25] ды solutions[26] у падыходзе да яе будучых літаратурных твораў крымінальнага жанру, каб толькі не слухаць пра тое, што Андрэй Вікенцьевіч да сваіх трыццаці – як жа, няўжо яму і праўда ўжо столькі? – бліскуча скончыў адзін з найпрагрэсіўнейшых замежных універсітэтаў, але і стаўся някепскім прадпрымальнікам у сваёй галіне і нават спрабуе сябе ў іншых напрамках вытворчасці ды шукае выйсці да міжнародных гандлёвых зносін, таксама большасць свайго часу праводзіць у дзелавых падарожжах, захапляецца боксам ды механікай – відаць, знарок намагаецца спадабацца татухну, як бы не стаўся якім прамысловым шпіёнам! – а яшчэ, належачы да тых самых «новых людзей» – заадно, відаць, і паспешліва вырашыўшы, што пан Пракшын з’яўляецца тыповым расейцам, не інакш, – ён не мае залішніх illusions[27] датычна як былой, так і сапраўднай мясцовай шляхты.
– Але ж прозвішча
25
высновы (анг.)
26
вынаходніцтвы (анг.)
27
падманлівых пачуццяў (анг.)