Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах. Ксенія Шталенкова
мае рацыю, – ажыўлена заківалі татухна і матухна, баючыся, каб іх дачка зноўку не паглыбілася ў маўклівыя роздумы, выкліканыя надзвычай патрабавальным стаўленнем да самой сябе.
– Яшчэ б я не мела! – безапеляцыйна заявіла пані Канстанцыя.
– Хіба што, – прамармытала панна Пракшына і нахілілася да Тэдзі, каб неяк заняць сябе ў гэтую няёмкую хвіліну.
Але тут у сталоўню, задыхаўшыся, зноў убегла пакаёўка, па выглядзе якой можна было зразумець: у гэтую нетаропкую суботнюю раніцу здарылася такое, што цалкам выбівалася з парадку.
– Тэлеграма! – вылупіўшы вочы, абвясціла пакаёўка хапаючым за душу голасам і ўручыла Канстанціну Мікалаевічу невялікі падносік з прадаўгаватым аркушыкам.
Пан Пракшын у здзіўленні разгарнуў пасланне, а затым, рэзка ўзняўшыся з-за стала, заявіў:
– Я мушу неадкладна ехаць на вакзал.
– Але, дарагі, што здарылася? Навошта такі паспех? – хацела была спыніць яго жонка.
– У маёнтку ўчынена забойства.
Раздзел II
Як толькі цягнік рушыў з Віленскага вакзала і пакаціў прэч з губернскага горада, панна Пракшына пачала ўмольваць татухну перамясціцца з іхняга другога класа у вагонрэстарацыю. Прысутнасць дзявіцы ў цягніку першапачаткова не ўлічвалася, аднак ініцыявана гэта было меркаваннямі вельмі эгаістычнымі самой Яўгеніі Канстанцінаўны.
Мусіў татухна толькі зазбірацца ў дарогу, як дзявіца, якая жадала як найхутчэй схавацца ад любой магчымасці сустрэцца сёння з Кацяй, ультыматыўна заявіла, што выпраўляецца разам з ім. На сустрэчны ультыматум, што Канстанціну Мікалаевічу зусім не будзе калі нянькацца з дачкой падчас выкліканай такімі складанымі акалічнасцямі вандроўкі, панна Пракшына адказала, што, будучы адзінай дзейснай нашчадніцай усёй сямейнай маёмасці, мае поўнае права наведаць мейсца злачынства, а таксама прыняць удзел ва ўладкаванні ўзніклых пытанняў. Акрамя таго, за ўсё жыццё сваё яна, здаецца, не давала падстаў ані разу засумнявацца ва ўласнай самастойнасці ды разважлівасці, а ад таго татухнавы insinuations[18] былі ўспрыняты як даволі крыўдныя. Панна Пракшына выдатна разумела, што ад гэтакага звароту татухнава сэрца памякчэе, і вось чаму.
Як кожны бацька, і акрамя таго ваенны ды яшчэ і чалавек дзелавітага складу, Канстанцін Мікалаевіч заўжды марыў пра нашчадка. Калі лёс і жонка прыпаднеслі яму дачку, пан Пракшын засмучацца і не падумаў, але ўзяўся выхоўваць Яўгенію Канстанцінаўну па сваім разуменні, усё ж хутчэй як сына. Спалучаў ён пры гэтым метады спартанскія, закліканыя гартаваць здаровы дух у здаровым целе, з непрыкрытымі пястотамі, бо, нягледзячы на дысцыпліну, панна Пракшына была па натуры сваёй істотай пяшчотнай і датклівай, хаця і старалася гэтую сваю рысу дбайна хаваць ад самых юных гадоў.
Пасля адстаўкі Канстанцін Мікалаевіч заняўся лесапілкай і меркаваў, што калі-небудзь гэтую справу ён мусіць перадаць дачцэ, а таму ўжо каторы год намагаўся яе ўсяляк прыстасоўваць то да вядзення рахункаў, то да праектаў па рэалізацыі матэрыялаў, а то і да саміх нюансаў механікі. Аднак Яўгенія Канстанцінаўна,
18
непрыемныя намёкі (анг.)