Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах. Ксенія Шталенкова
сям’ю, ён не паспеў, а займацца гэтым зараз палічыў немэтазгодным. Адасабляцца паводдаль ад цывілізацыі было зарана, ды і пакідаць Лізавету Яўгенаўну з дачкой побач з вытворчасцю было б несправядліва. Вядома, пані Іллініч-Вялькоўская настойвала на тым, каб жыць у ейным маёнтку, але ажыццявіць яго поўнамаштабную рэканструкцыю зяцю яна не давярала. Таму маёнтак пуставаў з прычыны, што пан Пракшын палічыў найболей удалым вырашэннем набыць дом у самім Менску. І не дзе-небудзь на ўскраіне, але ў самым цэнтры – дзе ёсць практычна ўсе выгоды сучаснага горада, хаця гэны некалькі і адставаў ад многіх іншых, у якіх даводзілася бываць Канстанціну Мікалаевічу падчас яго дзелавых вандровак.
І тым не менш на прадпрыемства сваё пан Пракшын наведваўся рэгулярна, а ў яго адсутнасць галоўным чалавекам на лесапілцы рабіўся галоўны інжынер, якому татухна суцэльна давяраў – Людвіг Штэйн. Менавіта ён і абвінавачваўся ў забойстве. Зрэшты, Канстанцін Мікалаевіч быў упэўнены, што гэта было нейкай недарэчнай памылкай. Ну што магло падштурхнуць маладога інжынера, які на справе не раз давёў, што ён чалавек прыстойны ды разумны, да такога страшнага злачынства? Хто быў той чалавек, каторага знайшлі забітым? І што Штэйн рабіў, як паведамлялася ў тэлеграме, на станцыі? Куды ён накіроўваўся, калі паводле іх business плану ён якраз мусіў сачыць за наладкай новага абсталявання, каб паспець выканаць чарговую замову? Аднак пан Пракшын мусіў ва ўсім разабрацца асабіста.
Назіраючы, як татухна засяроджана хмурыцца, нічога не заўважаючы вакол сябе, Яўгенія Канстанцінаўна паўтарыла сваю прапанову прайсці ў вагон-рэстарацыю. Па-першае, пана Пракшына трэба было адарваць ад затурбаваных роздумаў. Да станцыі, непадалёк ад якой і знаходзіўся бабулін маёнтак, ехаць было не менш за тры гадзіны, ды і там яшчэ ледзь не гадзіну па раз’езджанай дарозе трэсціся. Тэлеграму пра сваё прыбыццё татухна ўжо даслаў, вось толькі ж ці варта зараз дарэмна нервавацца, калі ні пра якія дэталі яны пакуль усё роўна не ведаюць? Па-другое, нашай дзявіцы раптам неадкладна захацелася выпіць кофею, ад якога яна мела глупства адмовіцца дома. Разлічваць на першакласнасць напою не выпадала, аднак прабавіць час у вагоне-рэстарацыі было куды займальней. Ды і па-трэцяе, Яўгенія Канстанцінаўна крыху хвалявалася, каб выпадкова ў неадпаведным яе статусу вагоне дзявіцу не заўважыў нехта са знаёмых, памылкова залічыўшы Пракшыных да кампаніі ніжэйшай, чым да якой яны належалі. Усё ж прозвішча іх было не найвышэйшага дваранскага шэрагу, што падмацоўвала ў нашай дзявіцы некаторую схільнасць да snobbery[21]. Падумаўшы, што ў вагоне-рэстарацыі ёй дакладна не пагражаюць непрыемныя сустрэчы, панна Пракшына пераканала татухну ў тым, каб хутчэй справіць няхітры brunch[22].
У чаканні кофею Канстанцін Мікалаевіч паглыбіўся ў чытанне «Ведомостей», якія не паспеў скончыць за сняданкам, а панна Пракшына ўзялася крэмзаць у адным са сваіх адмысловых падарожных нататнічкаў, час ад часу запускаючы руку ў невялікі кошык, каторым яе забяспечыла
21
снабізму (анг.)
22
лёгкі другі сняданак (анг.)