Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
чалавека быць самім сабой і што мы ўжо звыкліся называць экзістэнцыяй.
Экзістэнцыя ёсць спосабам майго існавання, якое па адпаведных памерах фармуе з агульнага цэлага быцця персанальную фігуру ўласна мяне. Інакш кажучы, экзістэнцыя – гэта нішто іншае, як мой прыватны лапік універсальнага быцця (я-быццё). З гэтага вынікае, што ў анталагічным значэнні мяне па сутнасці няма як ёсць. У гэтым сэнсе я-чалавек ёсць адно персанальным фрагментам быцця, якое адбываецца на прасторы, пазначанай я-чалавекам.
Разам з тым, экзістэнцыя ёсць тое, што вылучае я-чалавека і з быційнай плыні вітальнасці, і з рацыянальнага цела сацыяльнасці ў нешта такое, з чаго мажліва казаць пра я-чалавека як пра ўтварэнне, тоеснае адно само сабе.
Верагодна, гэта сапраўды так, і таму ў экзістэнцыйным сэнсе я-чалавек верагодна ёсць як «я». Аднак ці можна з гэтага зрабіць выснову, што ў я-чалавеку ёсць нешта, што з неабходнасцю патрабуе я-чалавека для самога сябе і тым самым тлумачыць, навошта я-чалавек сам сабе патрэбны?
Здаецца, такой высновы зрабіць аніяк нельга найперш таму, што я-чалавек не ёсць прычынай самога сябе. А калі не ён прычына самога сябе, дык і ягоная патрэба ў самім сабе, па сутнасці, не ёсць уласнай патрэбай, а нейкім апасродкаваным следствам патрэбы тых прычынаў, якія сваёй наяўнасцю абумовілі я-чалавеку магчымасць тут-быцця.
Сам-насам з тым, каго няма
Я-чалавека няма без існага.
Я-чалавека няма без людзей.
Я-чалавек немагчымы ў колькасці самога сябе. Паспрабуем выдаліць з я-чалавека ўсё тое, што звычайна знаходзіць у ім месца быць, і мы ўбачым, што ад самога сябе ў я-чалавеку нічога, лічы, не застанецца. Выгадаванае зверам немаўля ў дарослым стане нагадвае нават не першабытнага чалавека, а звера. (Рэм, Ромул, Маўглі, Тарзан і да т. п. – гістарычныя ды літаратурныя міфы, якія цалкам разыходзяцца са шматлікімі рэальнымі фактамі, назапашанымі навуковым досведам.)
Я-чалавек не галоўны ў тым, што ён ёсць і якім ён ёсць. Болей за тое, сам я-чалавек мае вельмі сціплае дачыненне да таго, што ёсць ім. Цверджанні экзістэнцыялістаў, быццам я-чалавек тым ці іншым чынам, але выбірае сябе сярод сваіх магчымасцяў быць, абапіраецца на ўсё тую ж латэнтную гіпотэзу, што я-чалавек ёсць як хто, і застаецца адно высунуць сваю версію гэтага хто. (Да прыкладу трохі працытуем Сартра: «Чалавек нясе ўвесь цяжар свету на сваіх плячах: ён адказвае за свет і за самога сябе як пэўны спосаб быцця… Таму ў жыцці няма выпадковасці. Ніводная грамадская падзея, раптам узніклая і абрынутая на мяне, не з’яўляецца звонку: калі я мабілізаваны на вайну, гэта ёсць і мая вайна, я вінаваты ў ёй, я яе заслугоўваю. Я яе заслугоўваю найперш таму, што мог ўхіліцца ад яе – зрабіцца дэзэртырам ці загубіць сябе. Калі я гэтага не зрабіў, атрымліваецца, я яе выбраў, стаўся яе саўдзельнікам».)
Я-чалавек не выбірае сябе як «пэўны спосаб быцця», я-чалавек нічога не выбірае, бо няма каму выбіраць…
Я-чалавек толькі забяспечвае сабой тое, што ёсць ім. Забяспечвае