Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч

Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч


Скачать книгу
звышчалавека, атаясаміўшы з ім я-чалавека тэхнагеннай пары, які валодае энергіяй магутных машын і адсюль ператвараецца ў нешта, што звыш чалавека – у звышчалавека3, гэта нішто іншае, як механістычнае нарошчванне «цягліцаў» я-чалавека, чаго не меў на ўвазе Ніцшэ, які хай сабе таксама механістычна, але ператварыў я-чалавека ў звышчалавека, нарошчваючы «цягліцы» ягонага духу – інакш: «цягліцы» чалавечага ў я-чалавеку.

      3 «Цяпер дае сябе знаць тое, што Ніцшэ ўжо тады разумеў метафізічна – што новаеўрапейская «механістычная эканоміка», суцэльны машынерны разлік усякага дзеяння і планавання ў сваёй безумоўнай форме запатрабуе новага чалавецтва, якое выходзіць за межы ранейшага чалавека… Безумоўнай «механістычнай эканоміцы» сумерны, у сэнсе ніцшэўскай метафізікі, толькі звышчалавек, і наадварот: такому чалавеку патрэбна машына для татальнага панавання над зямлёй» (М. Гайдэгер).

      Зрэшты, ні версія «антыхрыста» Ніцшэ, ні версія ягонага «адваката» Гайдэгера нічога прынцыпова новага не адкрывалі ў феномене праблемы, бо абодва яны нітавалі пытанне «хто я?» з адказамі на зусім іншыя запытанні і тым самым гублялі я-чалавека ў гушчары метафізічных дыскурсаў. Як, па сутнасці, нічога не адказвалі на гэтыя пытанні і ўласна гайдэгераўскія адказы.

      Гайдэгераўскі закінуты ў быццё я-чалавек як прасвет ісціны быцця (ці пастух, пастыр ісціны ў гэтым прасвеце) не больш чым красамоўны паэтычны троп, з аднаго боку семантычна адценены містыцызмам, а з другога – больш звыклым для еўрапейскай ментальнасці неатамізмам. Паспрабуем паставіць на месца ісціны быцця – Бога, на месца закінутасці – боскае наканаванне, на месца пастуха ісціны быцця – раба божага, выканаўцу боскае задумы і г. д., і мы ўбачым, што геніяльны ў поступах руху мыслення Гайдэгер на канцавых пазіцыях гэтага руху – звышардынарны. Чаму так? Можа таму, што ўсе шляхі ў гэтым кірунку вядуць не туды, ці ўвогуле нікуды не вядуць?

      Здаецца, найбольш рашуча гэтае безнадзейнае нікуды, узмацніўшы яго яшчэ больш безнадзейным нішто, прамовіў Камю.

      Я-чалавек – нішто, якое з’яўляецца з ніадкуль і знікае ў нікуды. Ён абсурдны феномен абсурду быцця, і ўсе гэтыя ўлучэнні я-чалавека ў так ці інакш аформленую трансцэндэнцыю не больш чым паэтычныя гульні ці ідэалагемныя прыдумкі.

      Аспрэчыць гэтую, куды больш вусцішную за Апакаліпс, канстатацыю ці хаця б што-кольвек уцямнае супрацьпаставіць ёй (акрамя, натуральна, веры) ніхто не змог, і, пэўна, таму філасофія змушана была, найперш праз структуралізм, вярнуцца ў звыклую прастору ўніверсалісцкіх канцэптаў (да прыкладу, Леві-Строс) ці схавацца ад апошніх пытанняў у маргінальныя лакуны (да прыкладу, Фуко) або адсланіцца ад быцця яго семіятычнымі інтэрпрэтацыямі (да прыкладу, Вітгенштайн).

      Інтэрвенцыя канцоў, «смерцяў» (культуры, метафізікі, гісторыі, філасофіі, ідэалогіі, эстэтыкі, літаратуры і г. д. і да т. п.), справакаваная «канцом культуры» Шпенглера, высунула на нейкі час у дамінанту еўрапейскага мыслення дэканструкцыю (Дэрыда) а-рэальнасці


Скачать книгу