Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў
Здавалася б, мы павінны былі дражніць гэтых амаль бесцялесных істотаў у чорным адзенні ды здзекавацца з іх, аднак за маёй памяццю такога ніколі не здаралася. Без іх, як і без зруйнаванага потым Мікалаеўскага сабора, я не магу ўявіць Полацка канца 1950-х – пачатку 1960-х гадоў.
Не ведаю, як склаўся лёс тых трох ці чатырох паслядоўніц святой Еўфрасінні. Магчыма, іх вывезлі з горада пад прымусам. Магчыма, яны дажылі ў жыровіцкіх келлях да новага адраджэння Спасаўскага манастыра, што пачалося ў 1990 годзе.
Полацкае княства паспяхова адстойвала незалежнасць ад Кіева. Апроч палітычных і эканамічных выгодаў гэта давала творчую свабоду дойлідам, жывапісцам, ювелірам, ад якіх ніхто не вымагаў абавязкова арыентавацца на кіеўскія ўзоры. Полацкае княства – не толькі першая беларуская дзяржава, але і калыска нашае культуры. Еўфрасіння была сярод рупных выхавальнікаў гэтага «дзіцяці». Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, яна стала нашай першаю мецэнаткай.
Высокі ўзлёт полацкай школы дойлідства засведчыла стварэнне Спасаўскай, або Спаса-Праабражэнскай (цяпер яе часта не зусім правільна называюць Спаса-Еўфрасіннеўскай) царквы – неацэннага помніка сусветнай культуры.
3 чым параўнаць яе бялюткае дзіва? 3 лілеяй у цёплай завоіне блізкай Палаты? 3 казачнай птушкаю на зялёным поплаве? 3 журботна-светлай мелодыяй?.. А як выказаць словамі стан душы, якая тут нібыта выпростваецца і замірае, рыхтуючыся дакрануцца да Вечнасці?
Спасаўскі сабор, узведзены за 30 тыдняў дойлідам Іаанам. Рэканструкцыя.
А цяпер крыху фантазіі.
Бачыце ўжо немаладога станістага чалавека ў простай манаскай рызе, што ідзе сюды ад ракі скрозь смугу часу? Адкрыты абсівераны твар, сінія вочы з вугольчыкамі апантанасці, драбок будаўнічай рошчыны ў даўгіх жарых валасах. Пячатка вялікага клопату ляжыць на ўсім абліччы Іаана – полацкага манаха, кіраўніка арцелі муляраў геніяльнага дойліда. Ён ужо збудаваў цэрквы Параскевы-Пятнщы ды Барыса і Глеба ў Бельчыцах. I вось стварае іншы, зусім непадобны да ранейшых храм.
Колькі разоў ён сніўся Іаану, змушаючы прахоплівацца сярод ночы і доўга ўглядацца ў цямрэчу манастырскае келлі!
Паводле «Жыція», дойлід няраз чуў на досвітку таямнічы голас, што клікаў яго на будоўлю сабора ў гонар Спаса – Хрыста-Збавіцеля. «I аднойчы падняўся ён, і прыйшоў да Еўфрасінні, і сказаў ёй: «Ці не ты, маці, пасылаеш па мяне?» А яна адказала: «Не». Але, падумаўшы, кажа яму шчасная тая жанчына: «Нават калі і не я цябе абуджаю, усё адно паслухай шчыра і ўважліва таго, хто кліча цябе на чын…» Пасля ж гэтага паставіла Еўфрасіння царкву мураваную святога Спаса, і збудавалі тую царкву за трыццаць тыдняў».
Заўтра храм вырвецца з павуціны рыштаванняў як вылятае з вопрадня матылёк, і адкрыецца воку ва ўсёй сваёй прыгажосці. А пакуль Іаан яшчэ раз уважліва аглядае лёгка ўзнесены ў неба фасад, трох’ярусныя закамары з какошнікамі,[4] купал-шалом. Заходняя
4
Закамара – паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне часткі сцяны будынка, якое адпавядае форме ўнутранага скляпення.
Какошнік – несапраўдная закамара, што мае дэкаратыўнае прызначэнне.