Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў
захоўвалі крыж у Сафійскім саборы, што з канца XVI стагоддзя быў уніяцкім. Добра разумеючы ўплыў рэліквіі на вернікаў, айцы-езуіты распачалі судовы працэс, каб вярнуць крыж у Спасаўскую царкву. Галоўным іх аргументам стаў між іншым, старажытны надпіс. Ёсць сведчанні, што, прайграўшы суд, яны паспрабавалі атрымаць крыж хітрасцю. Аднойчы, калі на свята Узвіжання рэліквію выносілі на сярэдзіну храма, хтосьці падмяніў яе, паклаўшы на аналой падробку. Але вернікі заўважылі падлог і вярнулі святыню на месца.
Калі ў 1812 годзе Полацк на колькі месяцаў трапіў у рукі да французаў крыж захоўваўся ў сцяне Сафіі ў замураванай нішы.
Пасля аднаўлення праваслаўнага Спасаўскага сабора з’явілася магчымасць перанесці рэліквію туды, дзе ёй пакланялася сама Еўфрасіння. Полацкі архіепіскап Васіль Лужынскі, збіраючы ахвяраванні на патрэбы епархіі, зрабіў з крыжам падарожжа ў Маскву і ў Пецярбург. У Зімовым палацы беларускую святыню аглядаў Мікалай I. Існавала небяспека, што крыж застанецца ў імператарскіх зборах, але тым разам надпіс-заклён, відаць, падзейнічаў.
Гэта павінна было хоць неяк суцешыць архіепіскапа Васіля, бо Маскву ён пакідаў далікатна кажучы, не ў гуморы: усе сабраныя ва Успенскім саборы грошы ў полацкага ўладыкі забралі на карысць крамлёўскіх цэркваў.
23 траўня (ст. стылю) 1841 года хросны ход перанёс рэліквію з Сафійскага сабора ў храм Спаса. Крыж паклалі ў келлі, дзе асветніца пражыла свае апошнія гады.
У адным з беларускіх летапісаў – «Хроніцы Быхаўца» – ёсць згадка пра дачку полацкага князя Васіля Параскеву, якую абвясцілі ў Рыме святою пад імем Праксэды. Князёўна нібыта пастрыглася ў манастыр Спаса над Палатой і сем гадоў перапісвала кнігі. Потым прыехала ў Рым і жьша, аддана служачы Богу. Там памерла і была пахаваная, прычым у яе гонар пабудавалі царкву. Некаторыя гісторыкі лічаць гэтае летапіснае апавяданне каталіцкаю версіяй жыццяпісу Еўфрасінні. Захаваліся звесткі пра крыж з надпісам, што ў ім ёсць частка святога дрэва, падараванага Праксэдзе рымскім папам Аляксандрам IV. Гэты крыж-рэліквія быў копіяй Богшавага твора. Цяпер ён знаходзіцца ў Яраслаўска-Растоўскім музеі-запаведніку.
I зноў мы пераносімся ў нашае стагоддзе. Гэтага вымагае вартая дэтэктыўнага рамана адысея крыжа ў гады савецкай улады. Пакуль раман не напісаны, прапаную аматарам дэтэктываў колькі наступных старонак.
У 1921 годзе крыж святой Еўфрасінні рэквізавалі. Напрыканцы дваццатых гадоў мінулага стагоддзя пачынаецца знішчэнне беларускай інтэлігенцыі, раскручваецца махавік сталінскіх рэпрэсій. Тым трывожным часам дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі ладзіць адмысловую экспедыцыю ў Полацк і перавозіць шэдэўр Лазара Богшы ў сталіцу рэспублікі.
17 студзеня 1927 года калегія народнага камісарыята асветы ў прысутнасці наркама Антона Баліцкага разгледзела пытанне «Аб перадачы Беларускаму дзяржаўнаму музею з Полацкага Сафійскага сабора карціны «Забойства Сьцяпана» («Укаменаванне святога Стэфана» славутага Сальватора Розы. –