Мімікрыя. Аляксандар І. Бацкель
у жыцьці зрабіў мужчынскі ўчынак – узяў шлюб. Потым, у будучыні, колькі чаго б ні здаралася, здавалася, што Юра гэтым адным рашэньнем вычарпаў увесь свой запас рашучасьці, але й гэты шлюб не выглядаў чымсьці сапраўды вольным, шчасьлівым і жаданым, гэта быў шлюб падлеткаў, юнакоў, малых дзяцей, якія, нашкодзіўшы, панесьлі пакараньне і толькі, бо ніхто зь іх ня ведаў жыцьця.
Усе сваякі жаніха люта ўзьненавідзелі Інэсу, бо менавіта яна “паламала жыцьцё іхняму старэйшаму сыну, брату, унуку”! Юра ж, кветачка такая, толькі сабраўся з розумам, толькі накіраваўся ў вялікі горад вучыцца ў Машынабудаўнічым тэхнікуме, а тут на табе, падвязалася яхідна на яго хударлявую шыйку, і не адна ж падвязалася, дзіцё камянём павесіла! Ніхто са сваякоў Юры нават не задумваўся аб тым, што Інэса праз сваю цяжарнасьць губляла значна больш за Юру! Яна губляла дзяцінства, юнацтва, яна губляла мары пра працу й жыцьцё, яна губляла колер.
Вясельле, як звычайна гэта прынята ў вёсках, адзначалі зь вялікім сталом і пілі цэлай вёскай, нават палова суседняй была, потым біліся, потым мірыліся, плакалі й крычалі “горка!”. Фатографам быў Барыс, які па-заліхвацку шчоўкаў усіх на “мыльніцу”. Інэса ўсьміхалася, потым танчыла, потым плакала.
На наступны дзень пачалі прыбірацца, шукаць прапітыя целы вакол стала й мясцовага вадасховішча. Барыс усе фотастужкі прадаў кузыне Юры, якая праз колькі дзён раздрукуе іх і там, дзе ёсьць выява Інэсы, павыкалвае той выяве голкаю вочы. Кузына, якая любіць сваго Юру, як роднага брата, нават больш за брата, не прабачыць тое, што аб’ект яе любові быў так зарана адарваны ад сям’і. Але што там гэтае жыцьцё – сьмецьце, недапалак, нішто.
Юрку майго ў армію забяруць, калі нідзе вучыцца ня будзе! Але ж як ён куды пойдзе вучыцца, калі тут жонка зь дзіцёнкам! Як? Як, скажыце?! Як мой Юрачка, мой бегемоцік, здолее вучыцца, калі яму працаваць трэба, гадаваць дзіцёнка!
Звычайна сваякі Юры толькі жаліліся й пакутвалі праз сваё жыцьцё. Бог праклінаўся імі, д’ябал таксама, анічога сьвятога, аніякай падтрымкі. Юру ў армію не забралі, ён пасьпеў зрабіць яшчэ аднаго дзіцёнка Інэсе. Яшчэ аднаго хлопчыка.
Юра ня здолеў штосьці памяняць. Калі раней ён заставаўся зь Інэсаю празь яе залатыя валасы, яе неверагоднае адзеньне, празь ейны малочны пах і ружовыя, шаўковыя смочкі, праз рысавае цела, то цяпер яго палохаў дзіцячы плач… Ён ператвараўся ў няўдалага, сарамяжлівага, мяккага мужчыну, якога называюць памяншальна-ласкальна, як пры царах называлі розных ёлупняў і блазнаў, людзей, якіх было шкада, але ад якіх нічога не патрабавалі, бо яны лічыліся няўдачнымі чалавечымі няўдахамі, вось і Юра праз п’янства ператварыўся ў Юрку, таго самага Юрку, якіх на Беларусі па асобніку ў кожным двары. Ён стаў тым самым юродзівым, якога так любяць абмяркоўваць, шкадуючы ды прыгаворваючы: “Божачкі, Божакі, што ж гэта робіцца, такі хлопец быў… Вось жа баба зьвяла!” Інэса нарадзіла другога сына, падзякавала Юрку за дзяцей, за шчасьце, за любоў, прабачыла яму ўсё на сьвеце, набіла валізу дзіцячымі рэчамі, узяла колькі