Рай даўно перанаселены (зборнік). Алена Брава
Дый не можа быць інакш, раз ужо яна пашыла, набіла шэрай гаспадарчай ватай і груба размалявала ляльку з ануч, пасадзіла тую ў чырвоны кут і цяпер старанна заплюшчвае вочы на тое, што ў дэфектыўнага анёла з распоратага шва тырчыць іржавы прут адзіноты.
…Але ўсё ж такі – чаму менавіта вясной? Не, яна яшчэ можа зразумець, калі спадарыня Дэпрэсія прыходзіць восенню, танчыць на апалай лістоце свой бясконцы танец-кружэнне і ўступае ў валоданне яе душой, як лістапад – яе родным горадам. Але – вясной? Ці ведае афіцэр дзяжурнай часці, абыякава рэгіструючы чарговы суіцыд, якая спакуса накласці на сябе рукі менавіта вясной, калі ўсё навокал ап’янёнае святам савакуплення, а нахабныя пупышкі ўзбуджана ды бессаромна лезуць вонкі, і кожная падобна да той вар’яцкай пупышкі, што жыве сваім асаблівым жыццём у яе целе? Унутраны Д’ябал казыча свае сцёгны кончыкам хваста, і яна бачыць яго вышчараны ў мярзотнай усмешцы рот. Папярэдне накінуўшы на ляльку свайго Вялікага Кахання покрыва, каб вочы самаробнага анёла не бачылі тое, што зараз адбудзецца, яна запальвае свечку, устаўленую ў рыльца пустой бутэлькі з-пад віна, і кладзецца ў ложак. Нават дакранацца да сябе не трэба: усё робіць за яе паслужлівае, натрэніраванае, нібыта сабака інваліда, уяўленне. Яму дастаткова крыкнуць «фас!», і яно прынясе ёй у зубах яе ўбогую ўцеху. З жывым мужчынам яна ніводнага разу не паспытала аргазму, затое з яго фантомам…
Зрэшты, сарамлівая, як бы за спінай у самой сабе, уступка целу не мае адносін да яе Вялікага Кахання. Паміж каханнем і сексу-альнасцю існуе бездань, цераз якую немагчыма перакінуць мост. Да каханага Юлечку цягне не жарсць, а нейкі экзістэнцыяльны голад. Пустата ў ёй, якая ўладарна патрабуе свайго запаўнення (і якую толькі Ён можа запоўніць), зусім не тоесная пустой трубе похвы. Гэта падрыхтаванасць пустэльніка, які імкнецца адчуць у сабе Госпада. Полавыя адносіны з богам неабходныя, бо ён па непаразуменні аддае перавагу менавіта такому віду ахвярапрынашэння. Юля хацела б аддаць мужчыне жыццё, але яму досыць яе геніталій.
З часам яна навучылася прыстасоўвацца да надзіва адноль-кавых патрэбаў сваіх паганскіх бажкоў, нават праштудзіравала брашурку «Як найлепш задаволіць мужчыну», якую адкапала на латку ў вулічнага гандляра якраз паміж інструкцыяй па ўрынатэрапіі і парадамі ад аблысення. Яе ж задавальненне палягала найперш у адпаведнасці сюжэту: яна так і засталася для іх Незнаёмкай – бо хуткая злучка на інтэрнацкім ложку, няхай нават і са старанным, на пяць з плюсам, ужываннем тэхнікі «матыля» і «шаўковага кружэння» (выдатніца старанна завучвае рэцэпты народнай камасутры на памяць, як калісьці – вершы савецкіх класікаў), не магла замяніць пераспелых пладоў яе Вялікага Кахання, да якіх мужчыны цікавасці чамусьці не выяўлялі. Яны рабілі сваю простую справу, глядзелі на гадзіннік і збягалі прэч, а яна заставалася з пакутніцкім тамленнем ва ўлонні, якому давала рады, выклікаючы ў думках яшчэ цёплы прывід таго, за кім, больш ці менш задаволеным, толькі што зачыніліся