Брамнік заўжды самотны (зборнік). Юры Станкевіч
грошай на праезд. І ўвогуле – у яго дома няма нават якога таннага камп’ютара і таго горш – ён не мае мабільніка. А ён так хоча глядзець у запісу матчы з удзелам свайго ўлюбёнага Луіса Чылаверта. І што надакучыла і сорамна прасіць, каб яму далі гэтых запісаў-праглядаў, асабліва чэмпіянатаў свету, у сяброў аднакласнікаў, калі заходзіць да тых у госці.
Цётка Люба слухала, ківала, думала нешта сваё.
А праз дзень уручыла яму мабільны тэлефон і грошы – на праезд.
– Месяцы на тры хопіць, – дадала яна, – а потым разбяромся. Не згубі мабільнік. Гэ-х ты, сваяк мой гаротны. А камп’ютар, ужо прабач, пабагацееш – дык купіш сам. Ахвярую – што магу.
Ён горача дзякаваў. Абяцаў цётцы дапамагаць, чым можа. Ведаў і ўвесь час памятаў, што цётчына дачка Вольга захварэла на анкалогію і памерла ў дзіцячым узросце, а муж сышоў да маладой, і што цётка Люба ўвесь час адна. І не сказаць, што заможная.
III
“Гранд-стадыён”. Францыя. Ліён
Корнер – гэта заўсёды вялікая небяспека для галкіпера. Не раз і не два Палыч, як трэнер, паўтараў яму, што асцярожнасць – не загана, і кожны выхад з варот на перахват мяча павінен быць маланкава і з матэматычнай дакладнасцю пралічаны на адпаведнасць, інакш ствараецца рэальная рызыка прапусціць крыўдны мяч. У кожнай камандзе існуюць засакрэчаныя найграныя камбінацыі на падачу вуглавога ўдару. Выконвае такі вуглавы звычайна адзін і той самы ігрок, альбо два. Перадусім ён калі-некалі сігналізуе, як будзе біць, у якую кропку ля варот, каб туды набягалі паўабаронцы, форварды ці падкраўся хто з высакарослых бэкаў, альбо проста разыгрывае мяч кароткім пасам на выхад у штрафную саперніка.
…Цяпер гаспадары “паляны” спяшаліся, і чарговы вуглавы, не раздумваючы, разыгралі кароткім пасам у адзін дотык. Мяч падхапіў паўабаронца Нумба – увішны мурын з шапкай заплеценых валасоў на галаве – дрэдамі, і пачаў змяшчацца да цэнтра, неблагім дрыблінгам абышоў паўабаронцу Віталя Шаўцова, а пасля аднаго з бэкаў – Максім нават не паспяваў заўважыць каго, пракінуў мяч сабе пад удар, пад левую нагу. Знаёмы яго фінт для варатара. Максім памятаў гэта з папярэдняга прагляду відэазапісу. Тым не менш удар заспеў яго знянацку. Мяч пайшоў верхам, у правую дзявятку. Менавіта туды, захапіўшы, як рэзерв на паратунак, некалькі дзясятых доляў секунды, і кінуў ён у скачку сваё цела. Ад рукі мяч зрыкашэціў у перакладзіну і непрадказальна вылецеў назад, у штрафную, куды ўжо набягалі і форварды гаспадароў, і свае бэкі. У мітусні апошнія і выбілі мяч за бакавую.
“Сэйв!” – падумаў ён, падхопліваючыся з зямлі.
Стадыён зноў расчаравана ахнуў. Напруга крыху аслабела, але пільнасць, як ён адчуваў, не варта было губляць нават на імгненне. Недарэмна, як ён ведаў, за дзевяноста хвілін матча варатар губляе ў вазе ад трох да пяці кілаграмаў.
Між тым, час хоць, на яго погляд, вельмі марудна, але няўмольна для гаспадароў, бег да перапынку. Няўмольна, бо ісці ў распранальню, не забіўшы гола, яны, гаспадары пляцоўкі, не жадалі. Пэўна, на гэта і была ўстаноўка іх трэнера. Забіць. Хоць бы адзін мяч. Тады і з’явіцца ўпэўненасць у сваіх сілах, і наадварот