Мільярд удараў (зборнік). Юры Станкевіч
Яны папярэджвалі, што з моманту яе пачатку пераход у стан хаосу будзе непазбежным, што, урэшце, і здарылася.
Але перадусім у свеце, як заўсёды перад вялікай бядой, нечувана распаўсюдзіліся танны папулізм, крымінал, жорсткасць, подласць, хцівасць, нянавісць, хамства, абрынуўшы апошняе, што трымалася за рамкамі элементарнага выжывання. Пакуль… пакуль і не адбылася тая самая выпадковасць. Трынаццацігадовы хлопчык, геніяльны хакер ад нараджэння, які нейкім чынам праз Сеціва здолеў узламаць камп'ютэрную абарону адной з атамных электрастанцый, запісаў у ячэйкі памяці электроннай сістэмы паразітычны модуль, які памяняў параметры ўводу стрыжняў у актыўную зону рэактара. Вылічальная сістэма, якая абслугоўвала станцыю, выдала няправільны загад робатам, якія загружалі ядзернае паліва ў рэактар. Пачалася некантралюемая ядзерная рэакцыя і – адбыўся выбух накшталт чарнобыльскага. А другога Чарнобыля чалавецтва ўжо не адужала.
Выпадак аказаўся знакавым. Была, разам з людзьмі і наваколлем, знішчана адна са шматлікіх атамных электрастанцый, праз што на іншых, у тым ліку і звычайных, пачалі спрацоўваць сістэмы абароны, адключаліся блок за блокам, спыняліся турбіны. Праз кароткі час былі выведзены з ужытку гіганцкія магутнасці – каля мільёна мегават. Адбыўся збой ва ўсёй сусветнай энергетыцы. Абрынуліся біржы, грошы згубілі сваю каштоўнасць. Спыняліся цягнікі ў падземках, гаслі святлафоры, не наступала вада, людзі засядалі ў ліфтах, асабістая бяспека стала ілюзіяй, бо на вуліцы адразу выйшлі банды падлеткаў. Праз энергетычны калапс і наступнай панікі і дэзарганізацыі загінулі ўсе навігатары з першай касмічнай базы на Месяцы. Слядак успомніў, як раней у спецакадэміі ім чыталі курс лекцый і ў якасці прыкладу схільнасці да імгненнай дэградацыі і дэгуманізацыі прыводзілі сітуацыю стогадовай даўніны, калі ў мэтах маскіроўкі цалкам забаранілі выкарыстоўваць святло ў адным з гарадоў на мяжы былога Саюза і маленькай заходняй краіны. Праз кароткі час у горад рынуліся крымінальнікі з усіх канцоў так званага Саюза. Пачаліся масавыя рабаўніцтвы, забойствы, гвалт. У людзей дзеля садысцкай забавы адразалі насы, вушы, губы, геніталіі. Чалавечае жыццё адразу стала фікцыяй. Прыкладна тое ж адбылося і дзесяць гадоў назад. Тэхнагенная катастрофа супала з экалагічнай. Чалавек, звыкла адчуваючы сябе ў штучнай экалагічнай нішы, аказаўся безабаронным, без медыцынскай падтрымкі. Пачаліся эпідэміі. Сотні тысяч людзей, а потым і мільёны гінулі ад недахопу чыстай вады, медыкаментаў, якія амаль цалкам былі падробленымі. За дозу сапраўднага інсуліну забівалі. Антыбіётыкі каштавалі неверагодных грошай, але нават і за золата неўзабаве нельга было дастаць нічога.
Бацькі яго загінулі ад эпідэміі тыфу. Ён здолеў уратавацца.
…На кароткі міг ён задрамаў, але імгненна ачуняў: рэха быццам данесла да яго чыйсьці смех… Зноў смех. Ён успомніў, як учора плыў тут і чуў усё той жа пранізлівы голас над галавой.
Слядак паднёс бінокль да вачэй і навёў акуляры аб'ектыва