Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Леанід Дайнека

Чалавек з брыльянтавым сэрцам - Леанід Дайнека


Скачать книгу
Гай Дубровіч. – Два Везувіі плюс вулкан Ключаўская сопка. І заўсёды напаўкрыла, напаўкрока ляціць наперадзе прагрэсу. Здаецца ж, нейкі месяц назад захапляўся разгадваннем «свяшчэннасці» лічбы 7. Выступіў па Індаэўрапейскім тэлебачанні і, здзівіўшы вучоных мужоў, заявіў, што даўмеўся, хоць сам і не гісторык, чаму першалюдзі так шанавалі гэту самую лічбу 7. Аказваецца, чалавечае цела мае сем «чыстых» адтулін: вочы, вушы, ноздры, рот. Вялікі перапалох быў паміж навукоўцаў. Нават сам Гай не ўтрымаўся тады і ў газеце «Хатні фантаст» надрукаваў сваю версію. Па ягоных меркаваннях, лічбу 7 людзі зрабілі свяшчэннай таму, што кожны чалавек (прынамсі, на золку зямных цывілізацый) мог назіраць, калі дачасна не паміраў ад варожага мяча або чумы, сем жывых прадстаўнікоў свайго роду-племені: прадзеда, дзеда, бацьку, сябе, сына, унука, праўнука. І вось сёння Навум Масейкін з найвялікшай страсцю гаворыць, амаль крычыць аб Чалавеку з бронзавым, а не з брыльянтавым сэрцам.

      Яны падышлі да 7-й верталётнай пляцоўкі, дзе стаяў верталёт сям'і Дубровічаў.

      – Можа, паляціш разам са мной? – прапанаваў Гай. – Хачу пабываць у Доме Пераўтварэнняў. Масейкін адмоўна хітнуў галавой.

      – Тады – да пабачэння. Жывуць Сонца і Кісларод. Толькі скажы мне, Навум, каго б ты, супервядомы тэлевізійны ас, аб'явіў Чалавекам з брыльянтавым, прабач, з бронзавым сэрцам за гэты год?

      – Старшыню Лігі барацьбы супроць мутактаў Грома Стралковіча, – не міргнуўшы вокам адказаў Масейкін. – Дарэчы, праз два дні лячу да яго, каб зрабіць тэлерэпартаж. Апошнім часам зноў актывізаваліся двухгаловыя воўкасабакі, і Гром разам з сябрамі дае ім прыкурыць.

      Яны развіталіся. Гай, паказаўшы робату-ахоўніку кантрольны жэтон, лёгка ўскочыў у элегантны двухвінтавы верталёт і праз колькі імгненняў ужо ляцеў над зялёнай чыстай зямлёй. Настрой у яго пакрысе прыходзіў у звычную норму – унутраны спакой, упэўненасць. Плылі ўнізе роўныя цяністыя вуліцы, люстэркі вадаёмаў, многавугольнікі паркаў і садоў. З-за хмар, сінявата-ружовых, па-ранішняму лагодных, распальвалася сонца. Там, дзе хмар не было, бачыўся зыркі блакіт, яшчэ халаднаваты, але (Гай адчуваў гэта кожнай кропелькай душы) вельмі ўстойлівы, надзейны, быццам быў адкаваны з лепшых гатункаў металу. Нездарма першыя хрысціяне, глянуўшы на такі блакіт, казалі з вялікай перакананасцю: «Усе мы, кожны ў свой час, будзем на нябеснай цвердзі». З невялікага воблака, асветленага яркімі промнямі, раптам зашалясцеў дождж. Здавалася, пасыпалася на зямлю сонечнае зерне.

      Вось паміж аксамітнага разліву лесу паказаўся Дом Пераўтварэнняў. Круглы, трыццаціпавярховы, з высокай мачтай-маяком на самым версе. Каля гэтай мачты і пасадзіў свой верталёт Гай. Сонца люстравалася ў алюмініевых і медных пласцінах, якімі быў высцелены дах.

      У Доме Пераўтварэнняў уладарылі робаты: ліфцёры, электрыкі, праграмісты, санітары, буфетчыкі, асенізатары, цырульнікі… Маўклівая жалезнаскурая раць адразу акружала кожнага чалавека, які завітваў сюды. Робаты былі сама абаяльнасць і добразычлівасць,


Скачать книгу