Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Леанід Дайнека
і ластаўцы, ваўку і зайцу, барсуку зямному і кіту марскому. Ты, мой брат па жывой зялёнай планеце, хочаш сёння пераўтварыцца, хочаш на нейкія імгненні адчуць сябе птушкай або зверам, рыбінай або насякомым. Ты хочаш пераступіць, пераскочыць тую рысу, што аддзяляе цябе, жывога чалавека, ад іх, таксама жывых. Аб такім марылі многія пакаленні, звычайныя людзі і мудрацы. Такому навучаў Буда. Запомні яго словы: «Я буду біць у барабан бяссмерця ў імгле гэтага свету». Чуеш, як гучыць, як запаўняе цішыню барабан бяссмерця? Запомні, што найвялікшае, найгалоўнейшае багацце Прыроды – жыццё. І не толькі чалавечае. Кім ты хочаш стаць?
– Пчалой, – адказаў Гай.
– Будзь пчалой.
Адразу патух экран. Моцныя, але пачцівыя рукі робатаў падхапілі Гая Дубровіча, панеслі па вельмі вузкім калідоры (гэта адчувалася па спёртым паветры і па рэху ад іхніх крокаў) у чорную цемру. Хоць такое было для гісторыка не ў навіну, ды ўсё роўна лёгкі страх заварушыўся ў сэрцы. Праз некалькі імгненняў незразумелым чынам (вялікая тайна доктара Метэора!) ён павінен быў, як кашулю, скінуць сваю чалавечую плоць і зрабіцца пчалой, непрыкметнай гудлівай кропкай. З ім павінны былі застацца толькі ягоныя свядомасць і памяць. Кожнаму доктар гарантаваў поўную бяспеку цела і псіхікі пасля таго, як скончыцца сеанс пераўтварэння, але, пэўна, кожны адчуваў трымценне душы і здрадлівую думку: «А раптам здарыцца нешта такое, што перашкодзіць мне зноў стаць чалавекам?» Гай Дубровіч не быў выключэннем. Па-першае, усюдыісны ўсявед Навум Масейкін неяк сказаў, што года паўтара назад ці то доктар Метэор не змог вярнуць маладую жанчыну з «вобліка белай азёрнай чайкі», ці то яна сама не жадала вяртаць сабе чалавечае цела. Па-другое, быў ва ўсім гэтым нейкі першародны холад, ліпкі трывожны туман, адчуванне святатацтва і недазволенасці. Упершыню адчуў такі пакутлівы дыскамфорт Глеб Дубровіч, калі дзесяцігадовым хлапчуком прачытаў у Бібліі словы, што соллю ўпалі на параненую дзіцячую душу: «Не вары казлянятка ў малацэ маці ягонай». Чалавеку Вялікай Эры Плюралізму ўжо было мала моцнагучнай музыкі, тытуню і віна. Дзеля таго каб зламаць жалезную клетку сваёй духоўнай адзіноты і несвабоды (так, так, несвабоды, хоць знешне ўсё здавалася надзіва свабодным і супершчаслівым) людзі, як на прыгожую зваблівую цацку, накінуліся на прыдуманую доктарам Метэорам Тэорыю і Практыку Пераўтварэнняў. Вось чаму неслі маўкліва-суровыя робаты Гая Дубровіча па вузкім чорным калідоры, каб праз нейкія імгненні ён звонкагалосай пчалой ірвануўся над квяцістым лугам.
Робаты асцярожна пасадзілі Гая ў кабіну цэнтрыфугі, страла якой ужо ўздрыгвала, нервова пагойдвалася, нібы прадчуваючы шалёную, непадуладную жывому розуму хуткасць. На галаву адзелі цяжкі гермашлем. Па-ранейшаму ні іскрынкі святла не было наўкол. Чорны змрок наплываў на вочы. І Гаю Дубровічу ўспомніліся словы, якія бог сказаў Майсею: «Твару майго не можна табе ўбачыць, таму што кожны чалавек не можа ўбачыць мяне і застацца жывым». Пачулася лёгкае шыпенне, якое неўзабаве перайшло