.
на ёй… І тоненька-тоненька звініць вада…» Ён адчуў халодны выбух бязлітаснага страху ў самай глыбіні сваёй істоты. «Я вар'яцею! Пэўна ж, я вар'яцею. Я пераўтвараўся ў ваўка, у бабра, у шчупака, і заўсёды ўсё было нармальна, заўсёды роўна праз дваццаць чатыры гадзіны я з радасцю станавіўся чалавекам, Гаем Дубровічам, супрацоўнікам Славянскай секцыі Індаэўрапейскага аддзела Сусветнага інстытута гісторыі планеты Зямля. У мяне, урэшце, ёсць Бярозка, маладая прыгожая жонка, сын Клён. Хіба я не люблю іх? Ды я люблю жонку і сына мацней за ўсё на свеце. Мяне душыць дэпрэсія, калі даводзіцца ехаць у камандзіроўку болей, чым на трое сутак. А тое, што я зноў прыляцеў у Дом Пераўтварэнняў… Ёсць людзі, якія рабілі гэта дзесяткі разоў. Сам апостал Павел сказаў: «Усё выпрабоўвайце. Добрага трымайцеся».
І раптам яго, як мушкецёрская шпага, пранізала здагадка: «Пэўна ж, гэта хітрыкі Вялікага Жаху! Ледзь не ўпаў на галаву балкон, а зараз Жах, прыкінуўшыся лагодным і рахманым, нашэптвае, каб я назаўсёды застаўся пчалой».
Адразу паспакайнела на сэрцы. Калі даведваешся, што наперадзе падпільноўвае круты паварот, няцяжка прытармазіць аўтамабіль. Гай Дубровіч канчаткова супакоіўся, пачуўшы ў навушніках гермашлема бадзёрую каманду аднаго з асістэнтаў доктара Метэора: «Пчала нумар сорак чатыры! Спадар Гай Дубровіч! Праз пяць хвілін выходзім на плюсавое пераўтварэнне! Пчала нумар сорак чатыры!»
«Выходзіць на плюсавое пераўтварэнне» азначала адно – зноў станавіцца чалавекам. Гэта вельмі ўсцешыла Дубровіча. З цёплай радасцю ён падумаў, што ажно сорак чатыры чалавекі (пэўна ж, болып!), пераўтварыўшыся ў пчол, лёталі сёння над кветкамі.
III
На верталётнай стаянцы, якая знаходзілася на даху Дома Пераўтварэнняў, Гай Дубровіч, вельмі здзівіўшыся, убачыў свайго пятнаццацігадовага сына Клёна. Адразу нават падумаў, што памыліўся. Ці нямала такіх падлеткаў, даўгалыгіх, з нагала пастрыжанымі галовамі? Яркімі фарбамі малююць яны там, дзе ў іхніх прапрадзедаў матляліся чубы і грывы, кветкі, зоркі, астранамічныя знакі. Гэты таксама размаляваны. Дубровіч, слізгануўшы па яму позіркам, падаўся да свайго верталёта. Ззаду пачулася: —Тата, вазьмі мяне з сабой.
– Што ты тут робіш, Клён? – рэзка азірнуўся, выдыхнуў з раздражненнем Гай.
– Чакаю цябе, каб разам ляцець на Чорны Хутар.
Сын падышоў да бацькі, пацёрся яму галавой аб грудзі. Сантыметры на тры, калі не болей, быў ён ужо вышэй за Гая. Дзіўна было глядзець на гэтае стравусянё, тонкае, худое, вузкаплечае, ключыцы выпіраюцца, нібы кіёчкі. Дзіўна было не ў люстэрку і не ў спакойнай рачной вадзе бачыць свой твар, толькі зусім юны, неагрубелы і нейкі, хоць была на ім самаўпэўненая бравада, бездапаможны. Гай адчуў, што вельмі любіць свайго адзінага сына, любіць да паколвання ў грудзях, і, калі б узнікла суровая неабходнасць, не вагаючыся, аддаў бы за яго жыццё. Але ён строга спытаў:
– Як ты тут апынуўся? Чаму ты не дома?
– Мяне на сваім верталёце прывёз Навум Масейкін, – адказаў Клён.
– Масейкін? –