Бітва пад Оршай 1514 года. Пётр Друждж
тэрміну з Польшчай і Чэхіяй вайна можа быць адноўлена. Заключаючы пагадненне з крыжакамі, адвечнымі ворагамі Польшчы, ён ствараў для яе пагрозу патэнцыяльнай вайны на два фронты. Аднак Корвін не выканаў абавязкаў перад сваім новымі саюзнікамі. Падчас вайны Польшчы з Ордэнам 1478–1479 гг. ён паабяцаў крыжакам толькі дыпламатычную падтрымку ў завяршальны перыяд ваенных дзеянняў.
Кароль Венгрыі павінен быў змагацца з Уладзіславам самастойна. Аднак на гэтым тэатры баявых дзеянняў ніводзін з бакоў не атрымаў перавагі. У выніку быў заключаны мірны трактат у Брно 28 сакавіка 1478 г. Паводле варункаў міру Уладзіславу пакідалася Чэхія, Мацьяш затрымліваў да сваёй смерці Маравію, Сілезію і Лужыцу. Корвін вырашыў таксама парваць з крыжакамі і замірыўся з Казімірам. Мірная дамова была заключана ў Будзе, а затым ратыфікавана ў Оламаўцу 21 ліпеня 1479 г.
З’езд у Оламаўцу завяршыў васьмігадовае ваеннае змаганне паміж Мацьяшам і Ягелонамі. Дзеля стварэння трывалага падмурку для сябе і сваіх сыноў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе кароль Казімір Ягайлавіч ахвяраваў велічэзнымі фінансавымі і мілітарнымі сродкамі. Вынікі не адпавядалі панесеным выдаткам. Інтрыга вакол венгерскай кароны скончылася няўдачай, справы ў Чэхіі мелі палавінчаты вынік. Уладзіслаў сеў на чэшскі трон, але правіў дзяржавай, з усіх бакоў абкружанай уладаннямі Мацьяша. Саслабелая і раздробленая, Чэхія не з’яўлялася сур’ёзным і моцным партнёрам. Яны хутчэй былі асуджаны шукаць дапамогі з боку Польшчы.
Зразумела, мір, заключаны ў Оламаўцу, не задавальняў ніводзін з бакоў. Аднак усе, хто быў зацікаўлены ў змяненні існуючага становішча, мусілі пачакаць да 1490 г. На той свет адыйшоў Мацьяш Корвін і адразу паявілася мноства прэтэндэнтаў на месца нябожчыка. Сярод іх, апрача Янаша Корвіна і Максіміліяна Габсбурга, былі таксама два браты з дынастыі Ягелонаў – Уладзіслаў і Ян Ольбрахт. Абодва сыны Казіміра Ягайлавіча не толькі дзейнічалі без паразумення між сабой, але адразу перайшлі ў супрацьстаянне. Кожны здабыў сабе падтрымку мясцовых палітычных сіл. За Уладзіславам стала магнатэрыя. На жаль, ён не апраўдаў надзеі бацькі, адкінуўшы дынастычныя планы. Здавалася, што ён вельмі хутка забыўся, што зрабіў польскі бок дзеля таго, каб ён мог панаваць у Чэхіі. Ян Ольбрахт, у сваю чаргу, атрымаў падтрымку шляхты, якая непрыязна ставілася да Габсбургаў. Адлікам намаганняў Ольбрахта здабыць карону Святога Стэфана стала самавольнае абвяшчэнне яго каралём жменькай венгерскіх паноў пад Пештам у чэрвені 1490 г. Прыхільнікі кандыдатуры Уладзіслава не жадалі бачыць на троне энергічнага і прыхільнага да шляхты Ольбрахта. Ім удалося адкласці тэрмін фармальнай элекцыі, што прывяло да разыходжання шляхты дадому. Адначасова яны з дапамогай зброі разбілі прыхільнікаў Яна Корвіна. У Габсбурга не было ніякіх асаблівых шанцаў. Усе гэтыя акалічнасці расчышчалі шлях да трону для Уладзіслава з Чэхіі. Ён уяўляўся слабым і бязвольным гаспадаром, пры якім магнатэрыя будзе карыстацца шырокімі