Ева ў пошуках Адама (зборнік). Коллектив авторов
галава мужа.
– Ты што, яшчэ не клалася спаць?!. – здзіўлена і незадаволена спытаў Андрэй.
Вераніка ўзрадавалася мужу: гэта была нагода спыніць размову і развітацца з суседам. Яна баялася, што не стрымаецца і напаследак па-жаночы скажа яму што-небудзь лішняе, эмацыянальнае, рэзкае, што круцілася ў яе на языку пасля нечаканай развязкі. Але ці мае яна права на гэтую рэзкасць у дачыненні да чалавека, якога сама ж і схіліла да споведзі?..
– Ну, усё, бывайце! – прамовіла яна і ўзнялася з крэсла. – Мы ў абед ад’язджаем дадому. Зараз сходзім на сняданак, потым апошні раз – на пляж… І ў абед аўтобусам – на Сімферопаль! Не ведаю, ці пабачымся яшчэ, так што – усяго найлепшага вам!
– Бывайце, – проста адказаў Сяргей і падліў сабе ў шклянку віскі.
Пасля пляжа Вераніка з мужам павольна ішлі праз санаторны парк. Вераніка глыбока ўдыхала цёплае цягучае паветра, напоенае морам і хваёвымі дрэвамі, быццам хацела надыхацца ім на год наперад. Не верылася, што яны сёння ад’язджаюць і заўтра прачнуцца ў зусім іншай краіне, у зусім іншым жыцці. Начная размова на балконе здавалася ёй чымсьці нерэальным – быццам страшны фільм паглядзела. І яна старалася ўсё гэта страшнае, непрыемнае забыць.
Ля ўвахода ў іх корпус стаяла хуткая дапамога. Каля машыны тоўпіліся мужчыны ў ваеннай форме і ў белых халатах, якія паміж сабой узбуджана размаўлялі. «Напэўна, камусьці з адпачываючых дрэнна», – падумала Вераніка.
На іх паверсе была нейкая мітусня: бегала дзяжурная, пакаёўка несла вялікі клунак бялізны, спяшалася прыбіральшчыца, бразгаючы вядром…
Дзверы ў нумар суседа былі насцеж расчынены. Вераніка і Сяргей прыпыніліся ля іх. Бачна было, што ў нумары прыбіраюць. Вераніка чамусьці ўспомніла пра хуткую дапамогу.
– Што-небудзь здарылася?.. – спытала яна прыбіральшчыцу, якая накручвала вялікую шэрую анучу на драўляную швабру.
Прыбіральшчыца спачатку незадаволена надзьмулася, быццам хацела ўхіліцца ад адказу. Але, мусіць, ёй вельмі карцела расказаць апошнюю навіну. Яна з апаскаю зірнула па баках і ціхенька, але амаль з радасцю, выпаліла:
– Ваш сусед памёр! Толькі нікому не кажыце! Начальнік шпіталя забараніў пра гэта расказваць, каб не палохаць адпачываючых!..
Вераніка з Андрэем пераглянуліся.
– Вось дык навіна! – сказаў ашаломлены Андрэй.
– Ён забіў сябе?.. – спытала Вераніка.
– Што вы кажаце?!. Ён памёр ад інфаркту! Так сказаў галоўны кардыёлаг шпіталя, – абурылася прыбіральшчыца. – Я зайшла ў нумар а дзясятай гадзіне, каб прыбраць тут, а ён сядзіць на балконе ў крэсле, галаву на грудзі звесіў, адной рукой шклянку трымае, а ў попельніцы – гара цыгарэт!.. Думала спачатку, мо п’яны заснуў, кранула, а ён і паваліўся… А што вы хочаце – цэлы месяц піў на балконе! Толькі, богам прашу, нікому нічога не кажыце, а то мяне звольняць!..
І пачала энергічна церці анучай падлогу, паказваючы, што размова скончана.
Уражаныя Вераніка і Андрэй пайшлі